2015-07-09 10:43:00

Балівія прывітала Францішка


Са спазненнем на гадзіну, 17.15 па мясцовым часе (00.15 па беларускім) 8 ліпеня 2015 г. самалёт балівійскіх авіяліній “Aviación Boliviana” з папам Францішкам на борце пасля пералёту ў 2138 км прызямліўся ў Ла-Пас. Прычынай стала спазненне з вылетам з Эквадора. „El Alto” з’яўляецца самым высокім аэрапортам у свеце – знаходзіцца на вышыні 4100 метраў над узроўнем мора. З-за дастаткова нізкай тэмпературы Папа быў апрануты ў белы плашч. Ля трапа Святога Айца вітаў Прэзідэнт Балівіі Эва Маралес. Балівійскі гімн выканаў гурт, які граў на андскіх флейтах, ватыканскі гімн прагучаў у выкананні духавога аркестру. Пасля гэтага Францішак разам з Эва Маралесам, акружаныя дзецьмі ў касцюмах карэнных жыхарой, прайшлі да высокай трыбуны, каб каля 500 тыс. вернікаў маглі асабіста вітаць Наступніка св. Пятра.

У сваёй першай, падчас другога этапу свайго лацінаамерыканскага падарожжа, прамове Святы Айцец спаслаўся на прэамбулу балівійскай Канстытуцыі і адзначыў, што гэта зямля благаслаўлёная ў разнастайнасці народаў, якія жывуць на ёй, што з’яўляецца пастаянным заклікам да ўзаемнай павагі і дыялогу. Ён нагадаў, што ў Балівіі кастыльская мова суіснуе сёння з 36 першаснымі дыялектамі. “Я прыбыў у якасці госця і пілігрыма, каб умацаваць веру веруючых ва ўваскрослага Хрыста, каб мы ўсё, хто верыць у Яго, будучы пілігрымамі ў гэтым жыцці, заставаліся сведкамі яго любові, зачынам лепшага свету, і каб мы супрацоўнічалі ў стварэнні грамадства больш справядлівага і салідарнага”, - запэўніў Папа.

Францішак нагадаў, што Балівія прадпрымае важныя крокі па інтэграцыі шырокіх слаёў у эканамічнае, сацыяльнае і палітычнае жыццё ў краіне. Але тут “сацыяльная згуртаванасць патрабуе, у дадатак да інстытуцыйнай празрыстасці, намаганняў па адукацыі грамадзян”, - лічыць ён. 

На думку Папы, Касцёл заснаваны на прыярытэтным і евангельскім імкненні для дапамогі бедным. “Братэрская любоў, якая з’яўляецца выразам новай запаведзі Езуса, выяўляецца ў праграмах, ініцыятывах і ўстановах, якія імкнуцца да інтэгральнай падтрымкі асобы, а таксама клопату і абароны слабых”, - адзначыў ён і дадаў, што сёння, калі так часта забываюцца або блытаюць фундаментальныя каштоўнасці, асаблівай увагі з боку тых, хто нясе адказнасць за агульнае дабро, заслугоўвае сям’я.

Пантыфік выказаў надзею, што дні яго прабывання ў Балівіі стануць магчымасцю для сустрэч, дыялогу і святкавання веры.

Цырымонія прывітання завяршылася папскім благаслаўленнем.

Па дарозе з аэрапорта „El Alto” ў Ла-Пас Святы Айцец затрымаўся на некалькі хвілін ля месца, дзе ў 1980 г. знайшлі цела іспанскага езуіта, айца Луіса Эспінала.








All the contents on this site are copyrighted ©.