2015-07-08 13:05:00

Францішак: не можна ісці, адвярнуўшыся ад рэальнасці


“Нашы адукацыйныя цэнтры – гэта градкі, магчымасць, урадлівая глеба, пра якую трэба клапаціцца, стымуляваць і абараняць”, - адзначыў Папа 7 ліпеня 2015 г., спасылаючыся на евангельскую прыпавесць пра сейбіта, падчас спаткання з прадстаўнікамі эквадорскіх школ і ВНУ ў Кіта. Ён заклікаў да прыкладнога характару навуковай дзенайсці і запрасіў задаць сабе пытанне: як дапамагчы моладзі, каб яна лічыла ўніверсітэцкую ступень не “сінонімам вышэйшага статусу, грошай або сацыяльнага прэстыжу”, а “знакам большай адказнасці ва ўмовах праблем сённяшняга дня, клопату пра бедных і навакольнае асяроддзе?”. Сустрэча праходзіла ў існуючым ужо амаль 60 гадоў Папскім каталіцкім універсітэце Эквадора. Цяпер у ім навучаюцца каля 30 тысяч. чалавек. 

Пантыфік нагадаў, што мы запрошаныя не толькі ўдзельнічаць у творчай справе Бога, але і абараняць і ахоўваць яе. “Сёння, гэта запрашэнне прадыктавана неабходнасцю па прычыне таго зла, якое мы прычыняем Зямлі праз безадказнае выкарыстанне і марнатраўную эксплуатацыю рэсурсаў, якія Бог, размясціў у ёй”, - сказаў Францішак, спасылаючыся на сваю новую энцыкліку.

Далей ён звярнуў увагу на сувязь паміж нашым жыццём і жыццём нашай Маці Зямлі, паміж нашым існаваннем і Божым дарам. “Гэта адносіны, якія прадугледжваюць магчымасць як адкрыцця і пераўтварэння жыцця, так і смерці і разбурэння”, - сказаў Пантыфік, дадаўшы, што мы не можам ісці далей, павярнуўшыся спіной да нашай рэальнасці, нашых братоў, нашай роднай зямлі; “мы не можам ігнараваць тое, што адбываецца вакол нас”.

Францішак нагадаў, што навучальныя ўстановы адыгрываюць галоўную ролю ў развіцці грамадства і культуры. Ён адзначыў, што не дастаткова праводзіць аналіз і апісанне рэальнасці, трэба стварыць умовы і месцы рэальных даследаванняў і дыскусій для адшукання альтэрнатывы існуючым праблемам.

Ва ўмовах глабалізацыі тэхнакратычнай парадыгмы, якая імкнецца паверыць, што “павелічэнне магутнасці – гэта і ёсць “прагрэс”, Францішак заклікаў да абмеркавання бягучай сітуацыі і разумення, “якога роду культуры мы хочам і да якой імкнёмся не толькі для нас, але і для нашых дзяцей і нашых унукаў”. Ён заклікаў глядзець на рэальнасць цэласна, а не фрагментарна, задаваць сабе пытанні, якія закранаюць усіх, бо ўсё ўзаемазвязана.

“Няхай Святы Дух будзе нашым натхненнем, няхай суправаджае нас, бо гэта Ён склікаў нас, запрасіў нас, даў нам магчымасць, але і адказнасць, каб мы далі ад сябе самае лепшае”, - такімі словамі Папа завяршыў сваю прамову да прадстаўнікоў эквадорскіх школ і ВНУ.

Пасля малітвы малітвы “Ойча наш” ён удзяліў сваё благаслаўленне і папрасіў памаліцца “Вітай, Марыя” за Паўсюдны Касцёл.








All the contents on this site are copyrighted ©.