2015-07-08 15:11:00

Пантыфік: адносіцца да палітычных апанентаў, як да родных


Грамадства толькі выйграе, калі кожны чалавек, кожная сацыяльная група ў ім будуць адчувае сябе як дома, калі ніхто не будзе выключаны, заўважыў Святы Айцец 7 ліпеня 2015 г. у Кіта падчас сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскага жыцця. Ён заклікаў да стварэння сацыяльных адносін, падобных да сямейных, і адзначыў, што сёння грамадскія сувязі і палітычныя гульні часта заснаваны на канкурэнцыі і выключэнні. Папа запрасіў глядзець на палітычных апанентаў, як на суседзяў і родных.

Пантыфік указаў на важнасць сям’і як сацыяльнай адзінкі, у якой людзі атрымліваюць асноўныя каштоўнасці любові, братэрства, узаемнай павагі, бескарыслівасці, салідарнасці і субсідыярнасці. Ён падкрэсліў, што прыклад “бацькоўскай любові” дапамагае дзіцяці выйсці з свайго эгаізму, вучыцца жыць з іншымі, саступаць, адкрываючыся да іншага. 

“Матэрыяльныя каштоўнасці прызначаны для ўсіх, і таму, калі нехта афішуе сваю ўласнасць, павінен памятаць, што на ёй ляжыць цяжар сацыяльнай іпатэкі”, - сказаў Францішак. Ён перасцярог, каб эксплуатацыя багатых прыродных рэсурсаў у Эквадоры не мела на мэце хуткага прыбытку, і заклікаў клапаціцца аб навакольным асяроддзі.

Пантыфік нагадаў аб праблемах эквадорскай Амазоніі, аднаго з самых багатых рознымі відамі флоры і фауны раёнаў планеты, які не дастаткова абаронены і патрабуе “асаблівага догляду па прычыне свайго вялікага значэння для глабальнай экасістэмы”. Ён перасцярог ад ператварэння Амазоніі ў бясплодную пустыню. “Менавіта ў гэтым раёне Эквадор – нароўні з іншымі краінамі рэгіёну Амазонкі – мае шанец на практыцы прымяніць педагогіку інтэгральнай экалогіі”, - заўважыў Францішак.

Святы Айцец нагадаў, што Эквадор, як і многія іншыя краіны Лацінскай Амерыкі, перажывае сёння глыбокія сацыяльныя і культурныя пераўтварэнні. Перад краінай стаяць новыя выклікі, якія патрабуюць удзелу ўсіх сацыяльных суб’ектаў. Ён нагадаў пра міграцыю, канцэнтрацыю насельніцтва ў гарадах, спажывальніцтва, крызіс сям’і, беспрацоўе, галечу, якія ствараюць нявызначанасць і напружанне, што ўяўляе сабой пагрозу для сацыяльных зносін.

Папа падкрэсліў, што стандарты і законы, а таксама праекты грамадзянскай супольнасці павінны імкнуцца да інтэграцыі ў мэтах садзейнічання прасторы дыялогу і сустрэч. “Надзея на лепшую будучыню патрабуе прапановы рэальных магчымасцяў, асабліва для моладзі, шляхам стварэння працоўных месцаў, эканамічнага росту, які дасягае усіх, а не застаецца толькі ў макраэканамічнай статыстыцы, устойлівага развіцця, што стварае моцную і згуртаваную сацыяльную тканіну”, - сказаў Францішак. Ён падкрэсліў, што павага адзін да аднаго, якую мы пазнаём у сям’і, павінна адлюстроўвацца на грамадскім узроўні праз “прынцып субсідыярнасці”.

Папа заявіў, што Касцёл хоча працаваць разам для агульнага дабра праз свае сацыяльныя і адукацыйныя ініцыятывы, распаўсюджваючы этычныя і духоўныя каштоўнасці, застаючыся “прарочым знакам, які нясе прамень святла і надзеі ўсім, асабліва найбольш патрабуючым”.

З касцёла св. Францішка, дзе адбывалася сустрэча з прадстаўнікамі грамадскага жыцця, Пантыфік адправіўся з прыватным візітам у “Iglesia della Compañia” – калыску езуітаў у Эквадоры. Гэта быў апошні пункт трэцяга дня яго прабывання ў краіне. 8 ліпеня 2015 г. вечарам, пасля сустрэчы з эквадорскім духавенства, Папа адправіцца самалётам у Балівію.








All the contents on this site are copyrighted ©.