2015-07-06 11:45:00

Эквадор прывітаў Францішка


“Святы Ойча – вітаем дома!”, - такімі словамі Францішка прывітаў Прэзідэнт Эквадора 5 ліпеня 2015 г. падчас цырымоніі сустрэчы ў міжнародным аэрапорце Кіта. Папа прыбыў у сталіцу краіны каля 15.00 (23.00 па беларускім часе).

У 14.45, пасля амаль 13-гадзіннага палёту, аэробус “Alitalia”, які носіць імя “Pietro della Francesca”, прызямліўся ў Міжнародным аэрапорце “Mariscal Sucre” ў Кіта. Гэта найбуйнейшы ў Эквадоры і адзін з найбуйнейшых у Паўднёвай Амерыцы аэрапорт па колькасці пасажыраў. Ён размешчаны недалёка ад горада Табабэла, у 18 км на ўсход ад цэнтра Кіта. Быў адкрыты ў лютым 2013 г і размешчаны на вышыні 2,3 тыс. метраў над узроўнем мора.

У 15.02 “папскі” самалёт спыніўся перад прэзідэнцкім павільёнам. На борт увайшлі, каб павітаць Святога Айца, Апостальскі нунцый, арцыбіскуп Джакама Атанэла і кіраўнік пратаколу Эквадора. Ля трапу Папу вітаў Прэзідэнт краіны Рафаэль Карэа і яго жонка. Тут прысутнічалі біскупы, а таксама маладыя прадстаўнікі народа індзейцаў у сваёй традыцыйнай вопратцы. Затым моладзевы аркестр выканаў дзяржаўныя гімны, адбылася прэзентацыя ганаровай варты, былі прадстаўлены дэлегацыі.

Вітаючы Святога Айца, Прэзідэнт Рафаэль Карэа падкрэсліў, што яго радзіма – гэта краіна, якая любіць і шануе жыццё з моманту зачацця, абараняе сям’ю. Нагадваючы, што 20% яе паверхні займаюць запаведнікі і нацыянальныя паркі, адзначыў, што з экалагічнага пункту гледжання, гэта рай. Ён дадаў, што жыве тут 14 карэнных народаў, і Эквадор з’яўляецца шматнацыянальнай і поліэтнічнай дзяржавай.

Эквадорскі лідэр рэзка раскрытыкаваў сацыяльную няроўнасць, якая супярэчыць хрысціянскаму сацыяльнаму вучэнню і з’яўляецца крыніцай канфліктаў, супярэчыць годнасці чалавека. Ён адзначыў, што няроўнасць мае сістэмны характар. Палітык дадаў, што палітыка і эканоміка павінны служыць жыццю, і спаслаўся на трагедыю эміграцыі, лепшым адказам на якую з’яўляецца стварэнне такіх умоў, каб ніводзін чалавек не быў вымушаны эміграваць. Карэа падкрэсліў ролю Касцёла ў клопаце пра самых бедных, спасылаючыся на постаць арцыбіскупа Оскара Арнульфа Рамэра, залічанага нядаўна да ліку благаслаўлёных, і арцыбіскупа Элдэра Камару, прадстаўніка “Касцёла бедных” на II Ватыканскім Саборы і бясстрашнага абаронцу правоў чалавека ў перыяд ваеннай дыктатуры ў Бразіліі 1964-1985 гадоў.








All the contents on this site are copyrighted ©.