2015-07-04 10:43:00

Пантыфік: няхай Дух Святы вядзе да адзінства ўсіх хрысціян


 

Няхай Дух Святы вядзе нас да адзінства ўсіх хрысціян, а мы будзем рабіць тое, што належыць нам, сказаў папа Францішак да членаў італьянскага харызматычнага руху “Абнаўленне ў Святым Духу”, з якімі сустрэўся вечарам 3 ліпеня 2015 г. на плошчы св. Пятра ў Ватыкане. На сустрэчу з Пантыфікам прыбыло больш за 30 тыс. членаў руху з усёй Італіі, а таксама многія кардыналы і біскупы з Рымскай Курыі і з-за мяжы. Былі прысутныя таксама прадстаўнікі іншых хрысціянскіх канфесій, галоўным чынам, пратэстанцкія харызматыкі.

Вітаючы Папу, кіраўнік італьянскіх харызматыкаў Сальваторэ Марцінэс сказаў, што, хоць усе прысутныя на плошчы вельмі моцна згарэлі ад сонца, аднак мацнейшым у іх “з'яўляецца агонь любові, які ў нашых сэрцах распальвае Святы Дух”.

Папа ў сваёй прамове заклікаў, каб пастаянна прыводзілі людзей да Хрыста, бо Ён з’яўляецца Панам. Шмат увагі Пантыфік прысвяціў еднасці хрысціян. Ён зазначыў, што экуменізм – гэта не справа адзінак: ўсе людзі павінны быць уцягнуты ў яго, не аглядаючыся на іншых, а Дух Святы зробіць усё астатняе. Папа прыпомніў пра экуменізм працы, малітвы, міласэрнасці і асабліва крыві, таму што сучасныя пакутнікі за веру – гэта хрысціяне. “Тыя, якія ненавідзяць Хрыста, забіваючы Яго паслядоўнікаў, не пытаюцца ў іх: ці ты лютэранін, ці праваслаўны, ці належыш да баптыстаў ці метадыстаў. Не! Важна тое, што ты хрысціянін! – і адсякаюць яму галаву”, - з жалем адзначыў Пантыфік.

На заканчэнне Папа заклікаў ўсіх да супрацоўніцтва як на тэалагічных кангрэсах, так і ў штодзённай працы на карысць бедных і бяздомных, а таксама папрасіў, каб ішлі ў свет і абвяшчалі Добрую Навіну пра Езуса. “Няхай Пан суправаджае вас у гэтай місіі, заўсёды з Бібліяй ў руцэ або з кішэнным Евангеллем”, - дадаў Святы Айцец.

Ян Мойсік








All the contents on this site are copyrighted ©.