2015-07-02 12:00:00

Папа падтрымаў дыялог на тэму Яна Гуса


Ян Гус быў знакамітым чэшскім прапаведнікам, адным з найвялікшых майстроў, якія выйшлі з пражскага ўніверсітэта; яго асаблівым чынам паважае чэшскі народ. Гэтыя словы св. Яна Паўла II нагадаў у сваім лісце да кардынала Міласлава Влка папа Францішак. Чэшскі іерарх будзе спецыяльным пасланнікам Пантыфіка на святкаванні 600-годдзя з дня смерці гэтага, як падкрэсліў Святы Айцец, каталіцкага святара, рэктара ўніверсітэта ў Празе. Яны пройдуць у сталіцы Чэхіі 5 і 6 ліпеня 2015 г. Папа падтрымаў дыялог Касцёла з дзяржавай для высвятлення справы Гуса.

Гаворачы пра выбар Пражскага арцыбіскупа на пенсіі ў якасці свайго прадстаўніка, Святы Айцец адзначыў у лісце, што кардынал ужо даўно займаецца жыццём і дзейнасцю Гуса, дэманструючы выразны клопат пра экуменізм. Ён адзначыў, што ў азнаменаванне 600-годдзя з дня смерці Гуса ў Чэхіі былі прыняты многія ініцыятывы, каб загаіць раны мінулага, ствараючы новыя адносіны паміж людзьмі і групамі, якія розным чынам інтэрпрэтуюць гісторыю і сучаснасць. Пантыфік даручыў свайму легату перадаць яго прывітанне Касцёлу ў Чэхіі і грамадзянскім уладам, а таксама прадстаўнікам іншых канфесій.

Кардынал Влк павінен заахвоціць усіх удзельнікаў святкавання наследаваць жыццё Хрыста і кожны дзень захоўваць Божыя запаведзі. “Такім чынам, мы зможам далей весці экуменічны дыялог, прымаючы пад увагу словы ІІ Ватыканскага Сабору”, - напісаў Францішак, спасылаючыся на саборны Дэкрэт пра экуменізм: “Няхай усе вызнаўцы Хрыста памятаюць, што яны тым больш будуць садзейнічаць справе еднасці хрысціянаў, а нават ажыццяўляць яе, чым больш будуць імкнуцца весці беззаганнае жыццё ў духу Евангелля”.

Ян Гус, які нарадзіўся ў 1370 г. быў абвінавачаны ў ерасі за спробы рэформы Касцёла і, нягледзячы на гарантаваную яму бяспеку, загінуў спалены на вогнішчы 6 ліпеня 1415 г. падчас Канстанцкага сабору. Варта адзначыць, што далёка не ўсе Саборныя Айцы пагадзіліся з гэтай бесчалавечнай экзекуцыяй, рэалізаванай, нягледзячы на папярэднія запэўніванні, што Гусу нічога не пагражае. У наш час, новаму погляду католікаў на праблему Гуса паспрыяў асабліва Ян Павел II. Ён казаў пра гэта, у прыватнасці, на сустрэчы з Чэхаславакімі інтэлектуальнымі коламі падчас свайго першага падарожжа ў гэту краіну ў красавіку 1990 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.