2015-06-29 16:16:00

Настаяцель лефебрыстаў пра адносіны са Святым Пасадам


Нягледзячы на некаторы “застой” у дактрынальным дыялогу, адносіны паміж Святым Пасадам і Брацтвам св. Пія X не былі прыпынены. Аб гэтым сказаў у інтэрв’ю для выдання “Présent” настаяцель святарскай супольнасці, біскуп Бернар Фэле. Ён пацвердзіў, што нядаўна кардынал Вальтэр Брандмюлер і біскуп Атаназіус Шнайдэр наведалі ў якасці пасланнікаў Святога Пасаду духоўныя семінарыі лефебрыстаў, і як сцвярджае сам біскуп Фэле, былі задаволены ўзроўнем фармацыі ў іх. Акрамя таго, Святы Пасад нядаўна прызначыў самаго настаяцеля Брацтва суддзёй першай інстанцыі ў працэсе адносна святара, які яму падлягае. 

Біскуп Фэле ўдзячны папе Францішку за тое, што ў свой час дапамог “легалізаваць” дзейнасць Брацтва ў Аргентыне. Ён таксама ўдзячны Бэнэдыкту XVI за больш шырокую магчымасць ужываць у Касцёле перадсаборную літургію. Усё гэта, іерарх успрымае ў якасці жэсту добрай волі з боку Святога Пасаду.

Настаяцель прызнаўся, што яго непакоіць мысленне некаторых членаў Брацтва, якія занадта засяроджаны на сабе і лічаць сябе адзінымі справядлівымі на гэтай зямлі. Такая “сектанцкая” пастава далёкая ад каталіцызму, лічыць ён.








All the contents on this site are copyrighted ©.