2015-06-26 13:05:00

Францішак: хрысціянства – гэта блізкасць да выключаных


 

Хрысціяне павінны быць блізкія да тых, каго грамадства імкнецца выключыць, лічыць Папа. Ён узначаліў 26 чэрвеня 2015 г. Эўхарыстыю ў капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі – Дому св. Марты. Францішак заклікаў наследаваць Хрыста, Які ішоў насустрач людзям сваёй эпохі, і дадаў, што толькі такая пастава робіць Касцёл сапраўднай супольнасцю.

Каментуючы сённяшні фрагмент Евангелля (Мц 8,1-4), які распавядае пра вылячэнне пракажонага, Святы Айцец заўважыў, што Езус быў першым, хто “запэцкаў рукі”, дакранаючыся да асоб, церпячых ад гэтай хваробы, і аздараўляючы іх. Такім чынам, Ён вучыў Касцёл, што заўсёды патрэбна блізкасць. “Не можна стварыць супольнасці без блізкасці. Не можна памірыцца без блізкасці. Не можна рабіць дабро без блізкасці”, - падкрэсліў Пантыфік.

Францішак адзначыў, што дзеянні і словы Езуса выклікалі здзіўленне Яго сучаснікаў. Многія іх не разумелі; былі і тыя, хто хацеў злавіць Хрыста ў пастку, крытыкаваў і асуджаў Яго. Іншыя глядзелі здалёк, не адважваючыся падысці да пракажонага. Ён дадаў, што Езус працягвае руку як першы, і робіць гэта ўвесь час адносна кожнага, становячыся адным з нас. Сам будучы бязгрэшным, усклаў на сябе нашы грахі. Менавіта гэта хрысціянская блізкасць, лічыць Папа. 

У гэтым кантэксце Францішак заклікаў вернікаў да рахунку сумлення: ці я жадаю быць блізкім да чалавека, ці ёсць у мяне смеласць дакрануцца да выключаных? Ён падкрэсліў, што гэтыя пытанні таксама тычацца Касцёла, парафіі, супольнасці, кансэкраваных асоб, біскупаў, святароў – усіх.








All the contents on this site are copyrighted ©.