2015-06-25 13:28:00

Францішак сустрэўся з яўрэйскай дэлегацыяй


Да супрацоўніцтва ў ініцыятывах, накіраваных на абарону чалавечага жыцця і творчасці, чалавечай годнасці, справядлівасці і салідарнасці, і, перш за ўсё, міра, заклікаў Святы Айцец хрысціян і паслядоўнікаў юдаізму, прымаючы 25 чэрвеня 2015 г. у Ватыкане дэлегацыю найстарэйшай пастаянна дзеючай яўрэйскай арганізацыі “B’nai B’rith International”.

Пантыфік падкрэсліў значны прагрэс, дасягнуты на працягу апошніх пяцідзесяці гадоў у хрысціянска-юдэйскіх адносінах праз умацаванне ўзаемаразумення і дыялогу, развіццё пачуцця ўзаемнага даверу і павагі.

Святы Айцец нагадаў, што ёсць шмат сфер, дзе хрысціяне і юдэі могуць працаваць разам. “У прыватнасці, мы пакліканы маліцца і працаваць разам на карысць міру. На жаль, ёсць шмат краін і рэгіёнаў свету, дзе людзі жывуць у канфліктных сітуацыях. Я думаю, у прыватнасці, пра Святую Зямлю і Блізкі Усход. Гэта патрабуе мужных намаганняў у справе міру, якога не толькі трэба жадаць, але і шукаць, а таксама цярпліва і настойліва будаваць ўсім, асабліва веруючым людзям”, - сказаў Папа.

“B’nai B’rith” (Сыны Запавету) існуе з 1843 г. і падтрымлівае яўрэйскую супольнасць у свеце і Ізраілі. Гаворка ідзе пра сацыяльную апеку, стыпендыі для яўрэйскіх студэнтаў, а таксама падтрымку права яўрэйскай дзяржавы на існаванне і барацьбу з антысемітызмам.








All the contents on this site are copyrighted ©.