2015-06-25 12:59:00

Святы Айцец: як адрозніць пастыраў ад ілжэпрарокаў?


Асновай душпастырскага аўтарытэту з’яўляецца слуханне Божага слова і яго рэалізацыя ў жыцці, і толькі потым прапаведванне набірае патрэбную сілу, лічыць Пантыфік. Ён узначаліў 25 чэрвеня 2015 г. ранішнюю св. Імшу ў Ватыкане. У сваёй гаміліі Францішак спаслаўся на сённяшняе Евангелле (Мц 7, 21-29), у якім Езус кажа: “Не кожны, хто кажа Мне: Пане, Пане, – увойдзе ў Нябеснае Валадарства, але той, хто выконвае волю Айца Майго, які ў нябёсах”. 

Гэты фрагмент быў выкарыстаны Папам, каб паказаць розніцу паміж сапраўднымі прапаведнікамі Евангелля і ілжэпрарокамі. Ён адзначыў, што крытэрыем для адрознення з’яўляюцца тры ключавых словы: “казаць, рабіць, слухаць”. Многія людзі кажуць, але не слухаюць. Не дастаткова проста казаць і рабіць, таксама трэба слухаць. Ёсць і такія асобы, якія чуюць Божае слова, але не засвойваюць яго, не ўспрымаюць сур’ёзна, і не выконваюць. Шмат хто кажучы робіць знакі, але іх сэрца закрытае на слуханне Божага слова. Яны баяцца маўчання – гэта псеўда-хрысціяне, псеўда-пастыры. Хоць і робяць добрыя рэчы, ім не хапае скалы, сказаў Францішак.

Святы Айцец раскрытыкаваў “мірскіх пастыраў”, якія занадта шмат кажуць і занадта мала слухаюць, якім не хапае асновы Божай любові – Божага слова. Без гэтай скалы не можна прарочыць і будаваць. І таму ўрэшце рэшт усё развальваецца.

Францішак прывёў прыклад благаслаўлёнай Маці Тэрэза з Калькуты, якая “не гаварыла і слухала ў цішыні”. Менавіта таму ні яна сама, ні яе праца не былі забытыя і не зніклі.








All the contents on this site are copyrighted ©.