2015-06-25 11:29:00

Апостальская Сталіца бароніць АБСЕ


Святы Пасад выказаў сваю ўдзячнасць за міратворчую дзейнасць Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ), адначасова баронячы яе ад крытыкі, якая з’яўляецца ў апошні час. Пра гэта казаў 23 чэрвеня 2015 г. у італьянскім Сенаце ў Рыме, з нагоды 40-годдзя падпісання Хельсінкскага Заключнага акта, кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін.

Ён адзначыў, што АБСЕ часта абвінавачваюць у неэфектыўнасці і занадта павольным працэсе прыняцця рашэнняў. “Мы не можам забываццца, аднак, што рашэнні па дамовах, якія выпрацоўваюцца ў доўгатэрміновым дыялогу, і якія павінны быць прыняты ўсімі бакамі, з’яўляюцца далёка не простым, але доўгім і патрабавальным шляхам”, - сказаў кардынал. Яго выступленне апублікавала ватыканская газета “L’Osservatore Romano”.

1 жніўні 1975 г. у сталіцы Фінляндыі прадстаўнікі 35 краін нашага кантынента падпісалі Заключны акт, што ўрачыста заявіў 10 прынцыпаў, якімі павінны былі з гэтага часу кіравацца дзяржавы. Адначасова была створана пастаянная структура пад назвай Нарада па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (НБСЕ), якая ў 1994 г. у Будапешце змяніла сваю назву на бягучую – АБСЕ. Пасля палітычных змен у Цэнтральна-Усходняй Еўропе ў яе склад на сённяшні дзень уваходзяць 57 дзяржаў. АБСЕ – адна з нямногіх міжнародных арганізацый, паўнапраўным членам якой з’яўляецца Апостальская Сталіца. Сустрэча ў Хельсінкі была першай пасля Венскага кангрэса ў 1815 г. канферэнцыяй краін, у якой Святы Пасад прыняў удзел у якасці паўнапраўнага члена.

Кардынал Дзяржсакратар заклікаў АБСЕ да супрацьдзеяння адсутнасці цярпімасці і асуджэння дыскрымінацыі ў дачыненні да хрысціян з той жа сілай, як гэта робіцца ў адносінах да іншых рэлігій. Ён таксама звярнуў увагу на цэнтральную ролю, якую адыграў Святы Пасад для ўключэння пункту аб рэлігійнай свабодзе ў Заключны акт.

Кардынал Паралін таксама нагадаў, што пасля стварэння Нарады па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе 40 гадоў таму, для яе былі прадугледжаны невялікія кампетэнцыі па абароне правоў чалавека. Першапачаткова, асноўнай задачай органу была стабілізацыя клімату разрадкі паміж Усходам і Захадам і бяспекі дзяржаў. Для СССР НБСЕ азначала, перш за ўсё, умацаванне “статус кво” пасля Другой сусветнай вайны, у той час як Захад быў зацікаўлены ў асноўным у распрацоўцы працэдур вырашэння спрэчак і крызісных сітуацый шляхам дыялогу і дыпламатыі. Кардынал Дзяржсакратар нагадаў, што Святы Пасад, вырашаючы далучыцца да новай арганізацыі, кіраваўся “каштоўнасцямі міру”, хоць у самім Ватыкане не ўсе падтрымлівалі гэта рашэнне.








All the contents on this site are copyrighted ©.