2015-06-24 15:40:00

Ватыканская дыпламатыя выступіла ў абарону бежанцаў


Арцыбіскуп Сільвана Тамазі, пастаянны назіральнік Святога Пасаду пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе выступіў 24 чэрвеня 2015 г. на 63-м пасяджэнні Пастаяннага камітэта Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў.

Ён падкрэсліў, што абарона людзей, вымушаных пакінуць свае краіны павінна заставацца прыярытэтам для міжнароднай супольнасці. У 2014 г. штодзённа ў сярэднім 42,5 тыс. чалавек станавіліся бежанцамі, шукаючымі прытулку або ўнутранымі мігрантамі. Больш за 60 млн. чалавек па розных прычынах пакінулі свае дамы – гэта самая высокая колькасць з канца Другой сусветнай вайны.

Міграцыя стала сапраўднай праверкай салідарнасці для сённяшняга свету. Але, на жаль, мігранты часта не сустракаюць разумення. Існуе нейкая “ірацыянальная непрыязнасць” да іх у некаторых групах, якая палягае на меркаванні, што гэты асобы ледзь не самі вінаватыя ва ўласным становішчы. Іерарх заклікаў міжнародную супольнасць “выйсці за рамкі эмоцый” і пераўтварыць абавязак абараняць ў дзеянне. Першым крокам тут павінна стаць пастава прыняцця.

У цяперашняй сітуацыі, звярнуў увагу ватыканскі дыпламат, з’яўляюцца асобы, шукаючыя прытулку, не абароненыя існуючымі юрыдычнымі інструментамі. Іх проста не прызнаюць бежанцамі. Таму існуе неабходнасць у большай “інавацыйныйнасці” і даследаванні “новых прававых форм абароны”. Арцыбіскуп Тамазі заклікаў да выкарыстання гуманітарных віз больш шырокім чынам, да грамадскага спонсарства асобных людзей і сем’яў, да адкрыцця юрыдычных каналаў праходжання асоб, якія просяць прытулку. Гэтыя людзі –не праблема, але чалавечыя асобы, жывыя ахвяры трагедый, падкрэсліў прадстаўнік Святога Пасаду і дадаў, што агульнае дабро выходзіць далёка за рамкі нацыянальных межаў адной дзяржавы.

Іерарх звярнуў увагу на прычыны вымушанай міграцыі, асноўнай з якіх з’яўляюцца войны і ўзброеныя канфлікты. Павелічэнне іх колькасці паказала на няўдалае глабальнае кіраванне, калі дзяржавы становяцца толькі пасіўнымі назіральнікамі або суб’ектамі маніпуляцыйнага ўздзеяння. Працяг кровапраліцця і прымусовых масавых уцёкаў насельніцтва з’яўляецца эфектам адсутнасці палітычнай волі для прыняцця канкрэтнага рашэння. Зноў жа, разнастайнасць нацыянальных і рэгіянальных інтарэсаў перашкаджаюць настолькі неабходнаму палітычнаму дыялогу.

Пры размеркаванні фінансавых рэсурсаў з боку міжнародных інстытутаў асаблівая ўвага павінна быць нададзена краінам, якія прымаюць бежанцаў. Гэта ўмацуе іх і дапаможа прадухіліць рызыку дэстабілізацыі, лічыць іерарх.

Мігранты – гэта, у першую чаргу, чалавечыя асобы, і абарона іх правоў і годнасці з’яўляецца інвестыцый, якая гарантуе павагу і абарону годнасці ўсіх, падкрэсліў арцыбіскуп Тамазі на пасяджэнні Пастаяннага камітэта Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.