2015-06-23 14:15:00

Сінод Біскупаў: больш часу на дэбаты ў малых групах


Аб цеснай сувязі двух сабораў, прысвечаных сям’і, структуры “Instrumentum Laboris” – дакументу, які з’яўляецца падставай для XIV Звычайнай сесіі Сінода Біскупаў, – і новым метадзе яго працы гаварыў 23 чэрвеня 2015 г. у Ватыкане кардынал Ларэнца Балдзісэры, Генеральны сакратар асамблеі.

Іерарх падкрэсліў вялікую цікавасць да сінадальнай мэматыкі, аб чым сведчыць той факт, што на сённяшні дзень у Ватыкан прыйшло 99 анкет з адказамі на тэму сям’і і сужэнства ад упаўнаважаных органаў Касцёла, а таксама 359 заўваг ад дыяцэзій, парафій, касцёльных аб’яднанняў, спантанна сфарміраваных груп і асобных вернікаў. Былі дасланы матэрыялы, распрацаваныя ва ўніверсітэтах. Кардынал адзначыў, што адпраўной кропкай для “Instrumentum Laboris” быў III Надзвычайны Сінод Біскупаў, які адбыўся ў Ватыкане ў кастрычніку 2014 г.

Прадстаўляючы метад працы XIV Звычайнай сесіі Сінода, Генеральны сакратар адзначыў, што кожны з трох тыдняў асамблеі будзе прысвечаны адной з трох частак Працоўнага дакумента; удзельнікі будуць шчыльна трымацца тэматычнага парадку. У канцы трэцяга тыдня будзе распрацаваны выніковы дакумент, якія, пасля зацвярджэння Генеральнай Асамблеяй, прадставяць Святому Айцу. Больш часу будзе прысвечана на дэбаты ў малых групах.

Кардынал Балдзісэры адзначыў, што асобныя Сінадальныя айцы змогуць свабодна ўтрымліваць кантакт са СМІ, а спосаб пераказу зместу будзе аддадзены іх асабістай адказнасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.