2015-06-23 11:29:00

Святы Пасад пра годнасць жанчын і розніцу полаў


Роўныя правы і чалавечая годнасць, якая належыць да жанчын у такой жа меры, што і да мужчын, не азначае, што розніца полаў не мае рэальнага характару. Аб гэтым нагадаў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы ў Жэневе на Савеце па правах чалавека ААН. Арцыбіскуп Сільвана Тамазі выступіў 19 чэрвеня 2015 г. у ходзе аднадзённай дыскусіі па правах жанчын.

Ватыканскі дыпламат падкрэсліў з самага пачатку, што дэбаты па пытаннях правоў жанчын з’яўляюцца своечасовымі. У многіх частках свету яны парушаюцца, а самі жанчыны становяцца ахвярамі злачыннай практыкі, у тым ліку рабства і сексуальнага насілля. Гэта асабліва жудасна праяўляецца ў выпадку адкрытых канфліктаў. 

Арцыбіскуп Тамазі падкрэсліў, што мы не павінны мірыцца з сітуацыяй, калі жанчына разглядаецца як “суб-чалавек”. Яна мае такую ж годнасць, што і мужчына, хоць розніца полаў носіць камплементарны характар. Акцэнт, зроблены на роўнасці полаў, не можа адмаўляць іх адрозненняў, сказаў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы.

Наадварот, адрозненні паміж мужчынам і жанчынай заклікаюць нас прызнаць іх выключнасць і пазітыўную ўзаемадапаўняльнасць паміж імі. Ідэалогіі, якія спрабуюць сцерці гэтыя адрозненні ў мэтах дасягнення нейкага “агульнага пазаполавага назоўніка”, у канчатковым рахунку, памяншаюць вартасць абодвух полаў.

Арцыбіскуп Тамазі папярэдзіў, што такога роду скрайнасці, як гендэрная тэорыя, што зводзіць пол да пытання сацыяльных роляў, або прапанова свайго роду “эмансіпацыі” жанчын ад уласцівых ім атрыбутаў, могуць стаць “мядзведжай паслугай” для разумення сапраўднай ролі жанчыны ў грамадстве.








All the contents on this site are copyrighted ©.