2015-06-21 14:34:00

Папа ў Турыне пра “скалістую” любоў Бога


Аб вернай, трывалай і надзейнай любові, увасобленай у Езусе казаў папа Францішак падчас св. Імшы на плошчы “Vittorio” ў Турыне 21 чэрвеня 2015 г. Пантыфік папярэдзіў, што параліч асцярог адносна будучага і пошук бяспекі ў матэрыяльным, з’яўляецца прыкметай закрытага грамадства, якое імкнецца больш да выключэння, чым інтэгравання. У Эўхарыстыі прынялі ўдзел больш за 50 тыс. вернікаў.

Спасылаючыся на сённяшнія літургічныя чытанні, Папа казаў пра Божую любоў, якая, як адзначыў, дапамагае чалавеку прызнаць свае абмежаванні і слабыя бакі. “Збаўленне можа прыйсці ў сэрца, калі мы адкрываем сябе да ісціны і прызнаём свае памылкі, нашы грахі”, - нагадаў ён і дадаў, што навяртанне, гэта здольнасць вызвалення ад старога і зношананага адзення крыўдаў і варожасці, каб адзець чыстую туніку лагоднасці, дабрыні, служэння іншым, спакою сэрца, што ўласціва дзецям Божым”.

Францішак указаў на неабходнасць “мужнасці веры”. Бачачы чалавека, які крычыць: “Не змагу!”, Бог выходзіць яму насустрач, прапануе скалу сваёй любові, і кожны можа ўзяцца за яе, будучы упэўненым, што не ўпадзе. Звяртаючыся да жыхароў Турына і П’емонта ён нагадаў, што іх продкі выдатна ведалі, што значыць быць “скалой”, што азначае “трываласць”, і працытаваў урывак верша вядомага паэта з Турына Ніна Коста.

“Мы можам спытаць сябе, ці мы сёння моцныя на гэтай скале, якой з’яўляецца любоў да Бога. Як мы перажываем верную любоў Бога да нас?”, - спытаў Францішак і дадаў, што заўсёды існуе рызыка забыцца пра гэту вялікую любоў.

Пантыфік нагадаў, што зямля П’емонту нарадзіла мноства святых і благаслаўлёных, якія прынялі Божую любоў і распаўсюджвалі яе па ўсім свеце. Ён заклікаў вернікаў рухацца па слядах гэтых сведкаў веры і жыць радасцю Евангелля, практыкуючы міласэрнасць. “Мы можам падзяляць цяжкасці многіх людзей, сем’яў, асабліва найбольш уразлівых і адчувальных на эканамічны крызіс. Сем’і маюць патрэбу ў матчынай сардэчнасці Касцёла, каб рухацца наперад у сужэнскім жыцці, выхаванні дзяцей, доглядзе за састарэлымі, а таксама перадачы веры новым пакалення”, - сказаў Папа.

“Няхай Святы Дух дапамагае нам заўсёды быць свядомымі гэтай “скалістай” любові, што робіць нас трывалымі і моцнымі ў малых і вялікіх пакутах, дазваляе нам не замыкацца перад абліччам цяжкасцяў, успрымаць жыццё з мужнасцю і глядзець у будучыню з надзеяй”, - сказаў Пантыфік падчас св. Імшы ў Турыне.

Пасля яе Францішак адправіўся на абед, якія правёў у сядзібе мясцовага арцыбіскупа з маладымі вязьнямі, эмігрантамі, бяздомнымі і цыганскай сям’ёй.








All the contents on this site are copyrighted ©.