2015-06-21 18:01:00

Папа: наша дабрачыннасць – не філантропія, а Евангелле


Выключэнне бедных і цяжкасці з атрыманнем для іх неабходнага догляду і лячэння, гэта сітуацыя, якая, на жаль, усё яшчэ існуе сёння, падкрэсліў Святы Айцец 21 чэрвеня 2015 г. вечарам падчас сустрэчы з хворымі ў турынскім цэнтры дапамогі “Cottolengo”. Ён звярнуў увагу на парадокс, калі назіраюцца вялікія поспехі ў медыцыне і сферы сацыяльнай дапамогі, але, у той жа час, распаўсюджваецца культура адчужэння. На думку Папы, гэта вынік антрапалагічнага крызісу, калі не чалавек займае цэнтральнае месца, а спажыванне і эканамічныя інтарэсы. Ахвярамі гэтай культуры адчужэння з’яўляюцца, у прыватнасці, пажылыя людзі. Іх даўгавечнасць не заўсёды разглядаецца як дар Божы, але часам, як цяжар, асабліва, калі іх здароўе знаходзіцца пад сур’ёзнай пагрозай, звярнуў увагу Папа.

Пантыфік заклікаў развіваць “антыцелы” адносна падобнага менталітэту, які шкодзіць грамадству. Мы не можам пагадзіцца з сітуацыяй, калі пажылыя людзі ці людзі з абмежаванымі магчымасцямі жывуць так, як быццам яны ўжо не вартыя жыцця. У прыклад добрых адносін да гэтых людзей Святы Айцец паставіў такія цэнтры як “Cottolengo”, дзе пануе евангельская рэальнасць, таму што многія бедныя і хворыя могуць знайсці тут дом і падтрымку. Папа назваў іх каштоўнымі членамі Касцёла, целам Хрыста ўкрыжаванага, да якога мы маем гонар дакрануцца і служыць з любоўю.

Сэнс каталіцкіх цэнтраў дапамогі, такіх як “Cottolengo”, не філантропія, але Евангелле, любоў і прыхільнасць Езуса найбольш уразлівым і слабым, падкрэсліў Папа.

Апошнім пунктам сённяшняга дня турынскага падарожжа Францішка стане сустрэча з моладдзю, падчас якой Папа адкажа на пытанні сабраных.








All the contents on this site are copyrighted ©.