2015-06-20 14:30:00

Францішак пра сацыяльную місію працы


Святы Айцец сустрэўся 20 чэрвеня 2015 г. у Ватыкане з прадстаўнікамі італьянскай “Нацыянальнай федэрацыі рыцараў працы”. Ён адзначыў, што намаганні членаў асацыяцыі з’яўляюцца ў цяперашні перыяд больш каштоўнымі, чым калі-небудзь, бо ён пазначаны эканамічным і фінансавым крызісам, цяжкай стагнацыяй і рэальным спадам, а ў сацыяльным кантэкце – няроўнасцю і беспрацоўем.

Асабліва церпіць моладзь, пазбаўленая магчымасці ўкласці свае сілы, больш свежыя, у развіццё бізнес-супольнасці. Свет працы павінен чакаць і прымаць маладых людзей, замест меркавання, якое часта гучыць у апошнія гады, што ў іх няма неабходнасці. Паводле Пантыфіка, “гэта сімптом сур’ёзнай няспраўнасці”, які не можа быць апраўданы выключна глабальнымі або міжнароднымі прычынамі.

Агульнае дабро, дадаў Францішак, гэта канчатковая мэта супольнасці, і яна “не можа быць дасягнута шляхам простага павелічэння заробку або вытворчасці”. Тут патрэбны, у якасці папярэдняй умовы, “актыўны ўдзел усіх суб’ектаў, што складаюць грамадскі арганізм”. Папа нагадаў асноватворны крытэрый сацыяльнага навучання Касцёла: што чалавечая істота павінна займаць цэнтральнае месца ў развіцці; пакуль мужчыны і жанчыны застаюцца пасіўнымі або маргіналізаванымі, агульнае дабро не можна лічыцца ў поўнай меры асягнутым. Сацыяльная місія працы, на думку Святога Айца, гэта здольнасць залучаць чалавека і даручаць яму адказнасць, у мэтах стымулявання прадпрымальнасці, крэатыўнасці, руплівасці. Такі падыход аказвае станоўчы ўплыў на новыя пакаленні і гарантуе што грамадства будзе мець перспектывы і магчымасці, каб глядзець з аптымізмам у будучыню. Сапраўднае развіццё магчыма толькі тады, калі яго карані ляжаць у справядлівасці і павазе да эканамічнага закона. Гэта выключае маргіналізацыю людзей і народаў, карупцыю і службовыя злачынствы, прычыненне шкоды навакольнаму асяроддзю. 

Папа спаслаўся на біблійнае разуменне справядлівасці і нагадаў, што гэта не проста ўстрыманне ад зла і захаванне законаў – хоць і гэта ўжо шмат. Быць справядлівым – гэта дзейнічаць паводле сумлення, клапаціцца пра дабро ўсіх, а не толькі ўласнае, прымаць блізка да сэрца лёс тых, каму пашанцавала менш, і бедных, якія не стамляюцца працаваць і гатовыя знаходзіць усё новыя і новыя шляхі, нагадаў Францішак.

“Нацыянальная федэрацыя рыцараў працы” – гэта прадпрымальнікі, якіх узнагародзілі італьянскім ордэнам “За заслугі перад Працай” за іх дасягненні ў стварэнні рабочых месцаў і ўклад у эканамічны рост, а таксама за іх прыхільнасць да этычнай і сацыяльнай адказнасці, накіраванай на паляпшэнне ўмоў жыцця і працы ў Італіі.








All the contents on this site are copyrighted ©.