2015-06-19 12:07:00

Францішак правёў экуменічную сустрэчу


“У гэты час цяжкіх выпрабаванняў і пакут нам трэба яшчэ больш умацаваць повязі сяброўства і братэрства паміж Каталіцкім Касцёлам і Сірыйскай Праваслаўнай Царквой”, - сказаў Францішак, звяртаючыся 19 чэрвеня 2015 г. у Ватыкане да Ігнацыя Эфрэма II, Патрыярха Антыёхіі і ўсяго Усходу, кіраўніка вышэйузгаданай супольнасці. Святы Айцец падкрэсліў, што пачатак дыялогу абедзвух Цэркваў датуецца 1971 г., калі Павел VI сустрэўся з Патрыярхам Ігнацыем Якубам III. Затым былі спатканні Яна Паўла II з папярэднікам цяперашняга Прадстаяцеля Патрыярхам Ігнацыем Заккай I Івасам (у 1984 г. у Ватыкане і ў 2001 г. у Дамаску).

Францішак нагадаў, што Сіра-якабіцкая Царква з’яўляецца супольнасцю мучанікаў. Так было ў першыя стагоддзі хрысціянства, і так адбываецца і сёння у выніку войнаў і пераследу. Ён адзначыў, што ў абліччы вялікіх пакут і шматлікіх нявінных ахвяр, здаецца, што моцныя гэтага свету не могуць знайсці рашэння. Пантыфік заклікаў свайго госця да супольнай малітвы за ахвяр насілля і ўсіх войнаў у свеце. Ён запрасіў паскорыць сумесныя крокі на агульным шляху “да адзінай Царквы Хрыстовай, пры адным алтары ахвяры і праслаўлення”. “Трэба здзейсніць абмен скарбамі нашых традыцый як духоўных дароў, таму што тое, што нас аб’ядноўвае, значна большае за тое, што падзяляе”, - сказаў Святы Айцец.

Сірыйская Праваслаўная Царква адна з шасці старажытнаўсходніх Цэркваў, якія прызнаюць тры Сусветных Саборы. Яны называюцца таксама “нехалкідонскімі”, таму што па розных прычынах ня прынялі рашэнні Халкідонскага сабора ў 451г. На ім, сярод іншага, монафізіцтва было асуджана як ерась. Сірыйская Царква налічвае каля 3,5 млн вернікаў па ўсім свеце. Патрыярх Ігнацый Эфрэм II кіруе ёй 31 сакавіка 2014 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.