2015-06-19 13:36:00

Святы Айцец: багацці ляжаць у аснове войнаў


Назапашаныя дзеля саміх сябе багацці ляжаць у аснове войнаў, няпоўных сем’яў, страты годнасці. Кожны дзень трэба імкнуцца распараджацца імі для агульнага дабра, сказаў Папа 19 чэрвеня 2015 г. падчас ранішняй св. Імшы ў Ватыкане. Ён падкрэсліў, што багацці ўплываюць на ўсіх нас, імкнучыся заняць месца ў нашых сэрцах і ў нашым жыцці. І калі ўся дынаміка жыцця зводзіцца да збору матэрыяльных каштоўнасцяў, то багацце авалодвае нашымі сэрцамі, спрыяе іх дэмаралізацыі. У адрозненне ад гэтага, сэрца можа быць захавана, калі нашы сродкі мы выкарыстоўваем для агульнага дабра.

У сваёй гаміліі Папа пракаментаваў сённяшнее Евангелле (Мц 6,19-23), у якім Езус вучыць: “Дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё”, і заахвочвае: “Не збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і ржа знішчаюць і дзе злодзеі ўзломліваюць і крадуць. Збірайце сабе скарбы ў небе”. Святы Айцец адзначыў, што ў аснове назапашвання грошай ляжыць імкненне да бяспекі, але калі мы будзем думаць толькі пра сябе, то ёсць сур’ёзная небяспека зняволення праз матэрыяльныя выгоды. Багацце не дае бяспекі назаўсёды, наадварот, прыніжае нашу годнасць. Францішак адзначыў, што ў шматлікіх сем’ях падзел адбыўся менавіта з-за маёмасці. Ён дадаў, што прагнасць з’яўляецца крыніцай шматлікіх войнаў, і Езус запрашае нас сцерагчыся прагнасці, якая прагрэсуе крок за крокам, прымушаючы думаць пра сябе як усемагутнага, і вядзе да ганарыстасці, якая з’яўляецца грахом над усімі грахамі.

Святы Айцец прызнаў, што назапашванне – гэта чалавечая рыса, а панаванне над светам – нават місія, але кожны дзень мы павінны імкнуцца кіраваць светам такім чынам, каб даброты былі скіраваны да неба і сталі скарбамі ў небе.

Папа адзначыў, што часта можна пачуць апраўданні ад людзей, якія ўсё жыццё збіраюць маёмасць, і заклікаў кожны дзень задаваць сабе пытанне: дзе скарб твой? У самім багацці ці ў кіраванні ім для службы агульнаму дабру?








All the contents on this site are copyrighted ©.