2015-06-19 14:14:00

Папа: чытаць, слухаць, абвяшчаць Божае слова


Адсутнасць сілы ў абвяшчэнні Божага слова прыводзіць да аслаблення хрысціянскіх супольнасцяў старажытнай традыцыі і перашкаджае духоўнаму росту і місійнаму запалу маладых Касцёлаў, нагадаў Святы Айцец Францішак. Ён прыняў 19 чэрвеня 2015 г. у Ватыкане ўдзельнікаў Пленарнай асамблеі Біблійнай каталіцкай асацыяцыі. Пантыфік нагадаў, што кожны хрысціянін павінен шанаваць, чытаць, слухаць, абвяшчаць, прапаведаваць, вывучаць і распаўсюджваць Божае слова.

Пантыфік звярнуў увагу, што сёлета адзначаецца пяцідзясятая гадавіна прыняцця дагматычнай канстытуцыі пра Божае аб’яўленне “Dei Verbum” і заклікаў пільна перачытаць яе і пакласці рэкамендацыі дакумента на практыку. Касцёл не зможа евангелізаваць, калі пакіне пастаяннае прапаведванне, таму вельмі важна, каб Божае слова было ў сэрцы кожнай касцёльнай дзейнасці, заўважыў Папа.

Францішак з жалем адзначыў, што сёння яшчэ засталіся месцы, дзе Божае слова ніколі не абвешчалася або, нават калі абвяшчалася, не было прынята як Слова збаўлення. Ёсць краіны, дзе Божае Слова было пазбаўлена свайго аўтарэтэту. Папа запрасіў членаў Біблійнай каталіцкай асацыяцыі спрыяць пастаяннай свежасці абвяшчэння Евангелля. Душпастырскі абавязак: выводзіць Божае слова на цэнтральнае месца ў жыцці Касцёла – застаецца ў сіле. “Мы павінны пераканацца, што ў рэгулярнай дзейнасці ўсіх хрысціянскіх супольнасцяў, парафій, аб’яднанняў і рухаў, мы сапраўды клапоцімся пра асабістую сустрэчу з Хрыстом, Які дае нам Сябе”, - лічыць Пантыфік. А “місія слуг Слова” – біскупаў, святароў, законнікаў і свецкіх – дапамагаць і палягчаць гэту сустрэчу.








All the contents on this site are copyrighted ©.