2015-06-18 12:00:00

“Laudato si’” – пра клопат аб супольным доме. Кароткі змест энцыклікі


“Які свет мы хочам перадаць тым, хто прыйдзе пасля нас, дзецям, якія зараз падрастаюць?” (160). Гэтае пытанне знаходзіцца ў сэрцы “Laudato si’” – доўгачаканай энцыклікі папы Францішка аб клопаце пра супольны дом чалавецтва. І Пантыфік працягвае: “Гэтае пытанне тычыцца асяроддзя не толькі ў вузкім сэнсе, бо немагчыма разглядаць яго ізалявана”, а вядзе да разважання пра сэнс жыцця і каштоўнасці, якія закладзены ў фундамент сацыяльнага існавання: “Дзеля якой мэты мы прыйшлі ў гэты свет? Дзеля чаго працуем і за што змагаемся? Чаму гэтая зямля мае патрэбу ў нас?”. “Калі мы не паставім перад сабой гэтыя глыбокія пытанні, – піша Пантыфік, – не думаю, што наш клопат пра экалогію зможа прынесці значныя вынікі”.

Энцыкліка бярэ сваю назву з воклічу св. Францішка “Laudato si’, mi’ Signore” (“Будзь праслаўлёны, мой Пане!”), які ў “Гімне стварэнню” нагадвае, што зямля, наш супольны дом, – гэта “і сястра, з якой мы раздзяляем існаванне, і цудоўная маці, якая прымае нас у абдымкі” (1). Мы самі “з’яўляемся зямлёй (пар. Быц 2, 7). Само наша цела складаецца з элементаў планеты, яе паветра дае нам дыханне, яе вада ажыўляе нас і абнаўляе” (2).

Сёння гэта зямля, зневажаная і разрабаваная, плача, а яе стогн злучаецца з енкам усіх пакінутых у свеце. Папа Францішак заахвочвае прыслухацца да іх і заклікае ўсіх – кожнага асобнага чалавека, сем’і, мясцовыя супольнасці, народы і міжнародную супольнасць – да “экалагічнага навяртання”, як казаў св. Ян Павел ІІ, да “змены маршруту”, прымаючы на сябе прыгожы і адказны “клопат пра супольны дом”. У той жа час папа Францішак прызнае, што ў адносінах да навакольнага асяроддзя і клопату аб прыродзе “назіраецца ўзрастанне адказнасці, сталее шчырая і балючая заклапочанасць тым, што адбываецца з нашай планетай” (19). Пантыфік дзеліцца сваімі спадзяваннямі, якія прасякаюць усю энцыкліку, і дасылае ўсім яснае і поўнае надзеі пасланне: “Чалавецтва яшчэ мае здольнасць супрацоўнічаць у будаванні нашага супольнага дома” (13); “чалавек яшчэ здольны на станоўчае ўмяшанне” (58); “не ўсё страчана, таму што людзі, здольныя да крайняй дэградацыі, таксама могуць пераўзысці сябе, нанова рабіць выбар на карысць дабра і адраджацца” (205). 

Папа Францішак звяртаецца перш за ўсё да веруючых католікаў, паўтараючы словы св. Яна Паўла ІІ: “Хрысціяне ў першую чаргу ўсведамляюць, што іх заданне адносна стварэння, іх абавязкі ў адносінах да прыроды і Створцы з’яўляюцца часткай іх веры” (64). Але Пантыфік прапануе “ўвайсці ў дыялог з усімі пра наш супольны дом” (3). Дыялог прасякае ўвесь тэкст, а ў пятай главе ён прапануецца як прылада для адказу на праблемы і іх вырашэння. Ад самага пачатку папа Францішак нагадвае, што таксама “іншыя Цэрквы і хрысціянскія супольнасці – як і іншыя рэлігіі, – развілі глыбокую заклапочанасць і каштоўнае разважанне” на тэму экалогіі (7). Больш за тое, ён адзначае іх выключны ўклад, пачынаючы ад “дарагога Экуменічнага Патрыярха Барталамея” (7), якога шырока цытуе ў восьмым і дзявятым раздзелах. Пантыфік неаднаразова дзякуе абаронцам экалогіі – як прыватным асобам, так і асацыяцыям і арганізацыям, – прызнаючы, што “разважанні шматлікіх навукоўцаў, філосафаў, тэолагаў і грамадскіх арганізацый узбагацілі навучанне Касцёла ў гэтых пытаннях” (7). Папа таксама заклікае ўсіх прызнаць “багацце, якое рэлігіі могуць даць інтэгральнай экалогіі і поўнаму развіццю чалавечага роду” (62).

Структура энцыклікі апісана ў пятнаццатым раздзеле; яна складаецца з шасці главаў. Пачынаецца з аналізу сітуацыі на аснове найлепшых навуковых дадзеных, даступных сёння (глава 1), затым звяртаецца да Бібліі і іудзейска-хрысціянскай традыцыі (глава 2), вылучае карані праблемы (глава 3), якія бачыць у тэхнакратыі і празмернай самаўпэўненасці чалавека. Прапанова энцыклікі (глава 4) заключаецца ў “інтэгральнай экалогіі, якая ясна аб’ядноўвае чалавечае і сацыяльнае вымярэнні” (137), непарыўна звязаныя з пытаннем навакольнага асяроддзя. У гэтай перспектыве папа Францішак прапануе (глава 5) на кожным узроўні сацыяльнага, эканамічнага, палітычнага жыцця пачаць шчыры дыялог, які дазволіць зрабіць працэс прыняцця рашэнняў у гэтай сферы празрыстым. Ён нагадвае (глава 6), што ніводзін праект не можа быць эфектыўным, калі не натхняецца выхаваным і адказным сумленнем. Папа ўказвае на адпраўныя пункты для фарміравання ў гэтым напрамку на адукацыйным, духоўным, касцёльным, палітычным і тэалагічным узроўнях. Тэкст заканчваецца дзвюма малітвамі: для ўсіх, хто верыць у Бога, Стварыцеля і Айца,  і для тых, хто верыць у Езуса Хрыста, вытрыманых у рытме “Гімна стварэнню”, якім энцыкліка пачынаецца і заканчваецца.

Тэкст прасякаюць некаторыя тэматычныя стрыжні, якія разглядаюцца з розных перспектыў: “блізкія адносіны з беднымі і ўразлівасць планеты; перакананасць у тым, што ўвесь свет цесна звязаны; крытыка сучасных мадэляў і форм улады, якія паходзяць з тэхнакратыі; заклік да пошуку новых спосабаў разумення эканомікі і прагрэсу; каштоўнасць кожнага стварэння; чалавечы сэнс экалогіі; неабходнасць шчырых і сумленных дэбатаў; вялікая адказнасць міжнароднай і мясцовай палітыкі; культура выкідання на перыферыю і прапанова новага стылю жыцця”.

Першая глава. Што адбываецца з нашым домам

Першая глава абагульняе самыя сучасныя навуковыя даныя на тэму навакольнага асяроддзя, даючы магчымасць пачуць крык стварэння, “перамяніць у асабісты боль тое, што адбываецца ў свеце, і так распазнаць, які ўнёсак можа зрабіць кожны” (19). 

Кліматычныя мутацыі: “Кліматычныя змены – гэта глабальная праблема з цяжкімі экалагічнымі, сацыяльнымі, эканамічнымі, размеркавальнымі і палітычнымі наступствамі; яны ўяўляюць сабой адзін з галоўных актуальных выклікаў для чалавецтва” (25). Калі “клімат – гэта супольнае дабро, дабро ўсіх і для ўсіх” (23), самы цяжкі ўдар ад яго змены выпадае на самых бедных. Але многія з тых, хто “ўтрымлівае большасць рэсурсаў і эканамічнай або палітычнай улады, здаецца, засяроджаны перш за ўсё на маскіроўцы праблем ці хаванні сімптомаў” (26). “Недахоп рэакцыі перад абліччам гэтых драм нашых братоў і сясцёр – гэта знак страты таго пачуцця адказнасці за нам падобных, на якім стаіць кожнае грамадства” (25). 

Пытанне вады: Пантыфік сцвярджае, што “доступ да пітной і бяспечнай вады – гэта натуральнае чалавечае права, фундаментальнае і паўсюднае, бо абумоўлівае выжыванне людзей, і таму з’яўляецца ўмовай для захавання іншых правоў чалавека”. Пазбаўленне бедных доступу да вады, азначае адмаўленне ім у “праве на жыццё, укаранёным у іх неад’емнай годнасці” (30).

Клопат аб біяразнастайнасці: “Кожны год знікаюць тысячы відаў раслін і жывёл, з якімі больш не зможам пазнаёміцца, якіх нашы дзеці не змогуць убачыць, якія страчаны назаўсёды” (33). Яны не з’яўляюцца толькі “рэсурсамі” для эксплуатацыі, але маюць каштоўнасць самі ў сабе. У гэтай перспектыве “заслугоўваючымі пахвалы і часам захапляльнымі з’яўляюцца намаганні навукоўцаў і тэхнікаў, якія спрабуюць вырашыць праблемы, створаныя чалавекам”. Але чалавечае ўмяшанне, калі ставіцца на служэнне фінансам і спажывецтву, “робіць так, што зямля, на якой жывем, становіцца ўсё больш беднай і менш прыгожай, усё больш абмежаванай і шэрай” (34).

Экалагічная пазыка: у кантэксце этыкі міжнародных адносін энцыкліка ўказвае, што існуе “сапраўдная “экалагічная пазыка” (51), асабліва з боку Поўначы да Поўдня. Перад абліччам кліматычных мутацый існуе “адметнасць адказнасці” (52), і ў краінах Поўначы яна большая.

Усведамляючы глыбокія разыходжанні адносна гэтай праблематыкі, папа Францішак глыбока здзіўлены “слабасцю рэакцыі” перад абліччам драмы многіх людзей і народаў. Нягледзячы на наяўнасць станоўчых прыкладаў (58), ён адзначае “пэўную закамянеласць і легкадумную безадказнасць” (59). Не хапае адэкватнай культуры (53) і гатоўнасці змяняць стыль жыцця, вытворчасці і спажывання (59), у той час як тэрмінова неабходна “стварыць нарматыўную сістэму, якая (...) забяспечыць абарону экасістэм” (53).

Другая глава. Евангелле стварэння

Каб даць адказы на праблемы, прадэманстраваныя ў папярэдняй главе, папа Францішак звяртаецца да біблійных апавяданняў, прапануе комплексны погляд, які паходзіць з іудзейска-хрысціянскай традыцыі, і звяртае ўвагу на  “велізарную адказнасць” (90) чалавека за стварэнне, блізкую сувязь паміж усімі стварэннямі і той факт, што “асяроддзе – гэта калектыўнае дабро, спадчына ўсяго чалавецтва і адказнасць усіх” (95).

У Бібліі “Бог, які вызваляе і збаўляе, той самы, які стварыў сусвет. (...) У Ім злучаюцца любоў і сіла” (73). Апавяданне аб стварэнні – цэнтральнае для разважання пра адносіны паміж чалавекам і іншымі стварэннямі і пра тое, як грэх разбурыў раўнавагу ўсяго стварэння ў яго паўнаце. “Гэтыя апавяданні падказваюць, што існаванне чалавека грунтуецца на трох фундаментальных і  блізка звязаных адносінах: адносінах з Богам, бліжнім і зямлёй. Паводле Бібліі, гэтыя тры віды жыццядайных адносін перарваліся не толькі па-за намі, але і ўнутры нас. Гэтым разрывам з’яўляецца грэх” (66).

Таму, нават калі часам хрысціяне некарэктна інтэрпрэтавалі Святое Пісанне, сёння павіны рашуча адмовіцца ад таго, што факт стварэння на вобраз і падабенства Бога і загад валодаць зямлёй могуць азначаць абсалютнае панаванне над іншымі стварэннямі” (67). На чалавеку ляжыць адказнасць “апрацоўваць і бараніць” сад свету (пар. Быц 2,15) (67), ведаючы, што “канчатковай мэтай іншых стварэнняў не з’яўлемся мы, але ўсе імкнуцца, разам з намі і праз нас, да супольнай мэты, якой з’яўляецца Бог” (83).

Тое, што чалавек не з’яўляецца панам сусвету, “не азначае роўнасці усіх жывых істотаў і пазбаўлення выключнай каштоўнасці”, і тым больш “не прадугледжвае абагаўлення зямлі, што пазбавіла б нас паклікання супрацоўнічаць з ёй і бараніць яе ўразлівасць” (90). У гэтай перспектыве “кожнае злоўжыванне любым стварэннем “супярэчыць годнасці чалавека” (92). “Не можа быць сапраўднага адчування блізкага адзінства з іншымі прыроднымі істотамі, калі ў той жа час у сэрцы няма пяшчоты, спачування і заклапочанасці ў адносінах да чалавечых істот” (91). Неабходна ўсведамленне паўсюднай еднасці: “створаныя адным Айцом, мы – стварэнні сусвету – усе паяднаныя нябачнымі сувязямі і складаем пэўнага роду паўсюдную сям’ю (…), якая нас падштурхоўвае да сакральнай, ласкавай і пакорнай павагі” (89).

Заканчваецца глава зваротам да сэрца хрысціянскага аб’яўлення: “Езус зямны” сваімі “вельмі канкрэтнымі і ласкавымі адносінамі са светам”, “уваскрослы і хвалебны, прысутнічае ва ўсім стварэнні ў сваім паўсюдным валадаранні” (100).

Трэцяя глава. Чалавечыя карані экалагічнага крызісу

Гэтая глава прадстаўляе аналіз актуальнай сітуацыі, “збіраючы не толькі сімптомы, але і самыя глыбокія прычыны” (15) у дыялогу з філасофіяй і гуманітарнымі навукамі.

У першую чаргу, у главе змешчаны разважанні аб тэхналогіях. З удзячнасцю прызнаецца паляпшэнне ўмоў жыцця (102-103), аднак яны дазваляюць “тым, хто валодае ведамі і перш за ўсё эканамічнай уладай, карыстацца невыразным панаваннем над усім родам чалавечым і ўсім светам” (104). Менавіта логіка тэхнакратычнага панавання вядзе да знішчэння прыроды і эксплуатацыі самых слабых людзей і народаў. Тэхнакратычная парадыгма спрабуе здзяйсняць сваю ўладу таксама над эканомікай і палітыкай” (109), перашкаджаючы прызнанню таго, што “рынак сам па сабе (...) не гарантуе інтэгральнага чалавечага развіцця і сацыяльнай адкрытасці” (109).

У аснове дыягназуецца празмерны антрапацэнтрызм сучаснай эпохі (116): чалавек больш не прызнае належнай павагі да свету і прымае пазіцыю самадастатковасці, засяроджанай выключна на сабе і ўласнай уладзе. Адсюль нараджаецца логіка “карыстайся і выкідвай”, якая апраўдвае кожнага роду выкарыстанне, ці то прыроды, ці то людзей, адносіны да іншых і прыроды як да простых аб’ектаў, і вядзе да тысяч розных форм эксплуатацыі. Гэта логіка, якая вядзе да злоўжывання дзецьмі, пакідання пажылых, прыніжэння іншых у рабстве, вядзе да пераацэнкі здольнасці рынка да самакіравання, практыкавання гандлю людзьмі, камерцыі на скурах знікаючых жывёлаў, “акрываўленых дыямантах”. Гэтая ж логіка ўласціва шматлікім крымінальным групоўкам, гандлярам органамі, наркотыкамі і знішчэнню ненароджаных дзяцей, калі тыя не адпавядаюць задуме бацькоў (123).

У гэтым святле энцыкліка разглядае дзве галоўныя праблемы сучаснага свету. Перш за ўсё праблема працы: “У любыя ўяўленні пра інтэгральную экалогію, якая б не выключала чалавека, неабходна ўключыць каштоўнасць працы” (124), а “адмаўленне ад інвестыцый у людзей для дасягнення найбольшага і найхутчэйшага прыбытку – гэта самая кепская здзелка для грамадства” (128).

Другая тычыцца межаў навуковага прагрэсу з ясным зваротам да генетычна змененых арганізмаў (132-136), што з’яўляецца “пытаннем складанага характару” (135). Нават калі “ў пэўных рэгіёнах іх выкарыстанне паспрыяла эканамічнаму росту і дапамагло ў вырашэнні некаторых праблем, выяўляюцца значныя цяжкасці, значэнне якіх нельга памяншаць”, (134) пачынаючы ад “канцэнтрацыі прадуктыўных земляў у руках нямногіх” (134). Папа Францішак асаблівым чынам мае на ўвазе невялікіх вытворцаў і сельскагаспадарчых работнікаў, біяразнастастайнасць і сетку экасістэм. Такім чынам, неабходны “навуковыя і грамадскія дэбаты, якія былі б адказнымі і шырокімі, здольнымі ўлічваць усю даступную інфармацыю і называць рэчы сваімі імёнамі”, пачынаючы ад “ліній аўтаномнага і міждысцыплінарнага даследавання” (135).

Чацвёртая глава. Інтэгральная экалогія

Галоўная прапанова энцыклікі – гэта інтэгральная экалогія як новая парадыгма справядлівасці, экалогія, якая “ўлічвае асаблівае месца чалавека ў гэтым свеце і яго адносіны з навакольнай рэчаіснасцю” (15). Сапраўды, мы не можам “лічыць прыроду нечым адлучаным ад нас ці простым фонам нашага жыцця” (139). Гэта тычыцца ўсіх сфер: эканомікі і палітыкі, розных культур, асаблівым чынам тых, якія знаходзяцца пад пагрозай, а таксама нашага штодзённага жыцця.

Цэласная перспектыва тычыцца таксама экалогіі структур: “Калі ўсё прабывае ў адносінах, то становішча структур грамадства таксама мае наступствы для асяроддзя і якасці чалавечага жыцця: “Любое занядбанне грамадзянскай салідарнасці наносіць шкоду навакольнаму асяроддзю” (142). З дапамогай шматлікіх канкрэтных прыкладаў папа Францішак пацвярджае сваю думку: існуе сувязь паміж пытаннямі навакольнага асяроддзя і пытаннямі сацыяльнымі і чалавечымі. Такім чынам, “аналіз экалагічных праблем неадлучны ад аналізу чалавечага, сямейнага, працоўнага, гарадскога кантэкстаў і адносін кожнага чалавека з самім сабой” (141), бо “не існуе двух асобных крызісаў – экалагічнага і сацыяльнага – але адзін і складаны сацыяльна-экалагічны крызіс”.

Інтэгральная экалогія “неадлучная ад паняцця супольнага дабра” (156), што трэба разумець канкрэтна: у актуальным кантэксце, у якім “сустракаецца рознага роду няроўнасць і становіцца ўсё больш асоб, выкінутых на перыферыю жыцця, пазбаўленых фундаментальных правоў чалавека”. Узяць адказнасць за супольнае дабро, азначае прымаць моцныя рашэнні на аснове “надання прыярытэту бедным” (158). І гэта таксама лепшы спосаб, каб пакінуць будучым пакаленням устойлівы свет, і не толькі на словах, але праз клопат пра бедных сёння, як ужо казаў Бэнэдыкт XVI: “Акрамя лаяльнай салідарнасці паміж пакаленнямі неабходна разумець тэрміновую этычную патрэбу ў абноўленай салідарнасці ўнутры кожнага пакалення” (162).

Інтэгральная экалогія тычыцца таксама штодзённага жыцця, якому энцыкліка надае асаблівую ўвагу, у першую чаргу ў гарадскім асяроддзі. Чалавек мае вялікую здольнасць адаптацыі і “годнай пахвалы з’яўляецца крэатыўнасць і шчодрасць людзей і груп, здольных пераўзыходзіць абмежаванасці асяроддзя, (…) навучыўшыся арыентаваць сваё існаванне нават сярод неўпарадкаванасці і ненадзейнасці” (148). Нягледзячы на гэта, сапраўднае развіццё прадугледжвае інтэгральнае паляпшэнне якасці чалавечага жыцця: публічнай прасторы, жыцця, транспарту і г.д. (150-154).

Таксама і наша цела ставіць нас у непасрэдныя адносіны са стварэннем і іншымі жывымі істотамі. Прыняцце ўласнага цела ў якасці дару Божага неабходна для прыняцця ўсяго свету як дару Айца і супольнага дому. У сваю чаргу логіка панавання над ўласным целам часам перамяняецца ў тонкую логіку валадарання” (155).

Пятая глава. Некаторыя лініі арыентацыі і дзейнасці

Гэтая глава ўздымае пытанне пра тое, што мы можам і павінны рабіць. Аналізавання сітуацыі не дастаткова. Неабходны прапановы “дыялогу і працы, якія задзейнічаюць як кожнага з нас, так і міжнародную палітыку” (15), і “якія дапамогуць нам выйсці са спіралі самаразбурэння, у якую мы ўпадаем” (163). Папа Францішак спадзяецца, што канкрэтныя крокі не будуць ідэалагізаванымі, павярхоўнымі і абмежаванымі. Таму неабходны дыялог, і гэта прысутнічае ў загалоўках кожнага радзела главы: “Вядуцца дыскусіі аб пытаннях, звязаных з навакольным асяроддзем, у якіх складана дасягнуць згоды”. (…) Касцёл не прэтэндуе на вырашэнне навуковых пытанняў або замены сабой палітыкі, але [я] заклікаю да сумленнай і празрыстай дыскусіі, каб прыватныя і ідэалагізаваныя патрэбы не наносілі шкоды супольнаму дабру” (188).

На падставе гэтага папа Францішак сфармуляваў строгае суджэнне пра актуальную міжнародную дынаміку: “Міжнародныя сустрэчы на самым высокім узроўні ў сферы навакольнага асяроддзя за апошнія гады не адказалі на чаканні па прычыне адсутнасці палітычнай рашучасці, не было заключана глабальных экалагічных пагадненняў, па-сапраўднаму значных і плённых” (166). Святы Айцец пытаецца: “Чаму сёння жадаюць захаваць уладу, пра якую будуць памятаць як пра няздольную ўмяшацца, калі было тэрмінова неабходна гэта зрабіць?” (57). Патрэбны, аднак, як шмат разоў паўтаралі Пантыфікі, пачынаючы ад “Pacem in terris”, эфектыўныя формы і прылады сусветнага кіравання (175). Мы маем патрэбу ў згодзе аб рэжымах кіравання ўсім спектрам так званых супольных глабальных дабротаў” (174), улічваючы, што “абарона навакольнага асяроддзя не можа быць забяспечана толькі на падставе фінансавага разліку выдаткаў і прыбытку. Асяроддзе – гэта адна з дабротаў, якую механізмы рынка не ў стане абараніць ці належна ахоўваць” (190).

У гэтай жа главе папа Францішак настойвае на развіцці сумленных і празрыстых працэсаў прыняцця рашэнняў, каб мець здольнасць “распазнаць”, якія палітычныя і прадпрымальніцкія ініцыятывы змогуць прывесці “да сапраўднага інтэгральнага развіцця” (185). Вывучэнне ўплыву на навакольнае асяроддзе, які можа аказаць новы праект, асаблівым чынам “патрабуе празрыстых палітычных працэсаў, схільных да дыялогу, у той час як карупцыя, што хавае сапраўдны ўплыў праекту на навакольнае асяроддзе ў абмен на прыхільнасць, часта вядзе да двухсэнсоўных пагадненняў, якія абыходзяць абавязак інфармавання і глыбокага абмеркавання” (182).

Асабліва вострым з’яўляецца зварот, скіраваны да тых, хто займае палітычныя пасады, каб пазбавіліся логікі “эфектыўнасці любым коштам і павярхоўнасці” (181), якія сёння дамінуюць: “калі будуць мець адвагу зрабіць гэта, змогуць нанова распазнаць годнасць, якую Бог даў ім як асобам, і пакінуць пасля свайго шляху праз гэту гісторыю сведчанне шчырай адказнасці” (181).

Шостая глава. Выхаванне і экалагічная духоўнасць

Апошняя глава тычыцца самага сэрца экалагічнага навяртання, да якога запрашае энцыкліка. Карані культурнага крызісу дзейнічаюць глыбока, а змяніць звычкі і паводзіны няпроста. Выхаванне і адукацыя застаюцца самымі галоўнымі выклікамі: “кожная перамена мае патрэбу ў матывацыі і выхаваўчым шляху” (15); павінны быць задзейнічаны ўсе выхаваўчыя асяроддзі, у першую чаргу “школа, сям’я, сродкі камунікацыі, катэхеза” (213).

Пачаць неабходна з “указання іншага стылю жыцця” (203-208), які адкрые таксама магчымасць “аказання здаровага прэсінгу на тых, хто ўтрымлівае палітычную, эканамічную і грамадскую ўладу” (206). Так, як гэта адбываецца, калі рашэнні спажыўцоў здольваюць “змяняць паводзіны прадпрыемстваў, падштурхоўваючы іх улічваць уплыў на экалогію і мадэлі вытворчасці” (206).

Нельга недаацэньваць важнасць адукацыйных шляхоў, здольных уплываць на штодзённыя жэсты і звычкі, на памяншэнне выкарыстання вады, раздзельны збор смецця, аж да “выключэння непатрэбнага святла” (211). “Інтэгральная экалогія складаецца таксама з простых штодзённых жэстаў, у якіх разбураецца логіка насілля, эксплуатацыі, эгаізму” (230). Усё гэта будзе больш проста пачаць з сузіральнага погляду, які нараджаецца дзякуючы веры: “Для верніка свет не сузіраецца звонку, але знутры, прызнаючы сувязі, якімі Айцец нас паяднаў з усімі істотамі. Акрамя таго, спрыяючы развіццю выключных здольнасцяў, якія Бог даў кожнаму верніку, экалагічнае навяртанне вядзе яго да развіцця сваёй крэатыўнасці і энтузіязму” (220). Паўтараецца лінія, прапанаваная ў “Evangelii gaudium”: “Сціпласць, якая перажываецца ў свабодзе і свядомасці, – вызваляючая” (223), як і “шчасце патрабуе здольнасці абмежавання некаторых атупляючых патрэбнасцяў, каб не згубіць шматлікіх магчымасцяў, якія дае жыццё” (223). Такім чынам, становіцца магчымым “нанова адчуць, што мы маем патрэбу адно ў адным, што нясём адказнасць за іншых і за свет, што варта быць добрымі і сумленнымі” (229).

На гэтым шляху нас суправаджаюць святыя. Святы Францішак, ужо шмат разоў цытаваны, з’яўляецца “дасканалым прыкладам клопату аб тым, што слабое, і інтэгральнай экалогіі, якая перажываецца з радасцю” (10), прыкладам таго, наколькі “неадлучнымі з’яўляюцца клопат аб прыроде, справядлівасць у адносінах да бедных, адказнасць за грамадства і ўнутраны спакой” (10). Энцыкліка ўзгадвае таксама св. Бэнэдыкта, св. Тэрэзу ад Дзіцятка Езуса і бл. Шарля дэ Фуко.

Пасля “Laudato si’” рахунак сумлення – прылада, якую Касцёл заўсёды раіў для накіравання жыцця ў святле адносінаў з Панам, – павінен набыць новае вымярэнне, улічваючы не толькі перажыванне адзінства з Богам, іншымі і самім сабой, але і з усімі стварэннямі і прыродай.








All the contents on this site are copyrighted ©.