2015-06-17 15:08:00

Новы член Папскай акадэміі навук


Святы Айцец прызначыў 17 чэрвеня 2015 г. 65-гадовага прафесара Ханса Ёахіма Шэльнхубера новым членам Папскай акадэміі навук. Ён з’яўляецца выкладчыкам тэарэтычнай фізікі Патсдамскага Універсітэта і дырэктарам Інстытута кліматычных умоў у Патсдаме. У якасці “запрошанага прафесара” (visiting professor) навуковец выкладае ў Інстытуце нелінейных навук Каліфарнійскага Універсітэта ў Санта-Крус і Інстытуце ў Санта-Фэ ў ЗША.

Даследаванні Шэльнхубера сканцэнтраваны вакол ўзаемасувязі паміж развіццём і яго наступствамі для клімату. У 2007 г. ён быў прызначаны кіраўніком нямецкай дзяржаўнай установы, якая займаецца пытаннямі клімату, і членам экспертнай групы па энергетыцы і зменах клімату, створанай тагачасным прэзідэнта Еўракамісіі Жазэ Мануэлем Барозу. Прафесар таксама з’яўляецца членам многіх асацыяцый і навукова-даследчых і ўрадавых інстытутаў, якія займаюцца справамі энергіі, развіцця і глабальных змен клімату.

Папская акадэмія навук была створана 17 жніўня 1603 г. італьянскім прынцам Федэрыка Чэзі і трыма яго сябрамі пад назвай “Linceorum Accademia”, у перакладзе – Акадэмія Рысяў. Калі заснавальнік памёр, праз некалькі гадоў і ўстанова перастала існаваць, хоць некаторыя спрабавалі адрадзіць яе, але ў рэшце рэшт толькі ў 1847 г. благаслаўлёны Пій IX стварыў Папскую акадэмію Новых Рысяў. Яшчэ адну буйную змену ажыццявіў у 1887 г. Леў XIII, а Пій XI 28 кастрычніка 1936 г. даў ёй цяперашнюю назву.

Сёння Акадэмія з’яўляецца адзінай такога роду ўстановай у свеце, якая збірае ў сваіх шэрагах найлепшых спецыялістаў у розных галінах з усяго свету, незалежна ад іх мовы, рэлігіі, колеру скуры і г.д. Асноўнай мэтай з’яўляецца належная ацэнка ўсіх навук. З 20 снежня 2010 г. кіраўніком Акадэміі, у склад якой уваходзяць каля 80 навукоўцаў, з’яўляецца пратэстант, 86-гадовы швейцарскі генетык і мікрабіёлаг Вернер Арбер, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па медыцыне ў 1978 г. 








All the contents on this site are copyrighted ©.