

27 чэрвеня 2015 г. Святы Айцец Францішак узначаліць Звычайны кансісторый па некаторых кананізацыйных справах. Аб гэтым паінфармавала Служба папскіх літургічных цэлебрацый. Ён распачнецца цэлебрацыяй Літургіі гадзін.
Кардыналы, прысутныя ў гэты час у Рыме, збяруцца ў Зале кансісторыяў Апостальскага палаца для разгляду спраў кананізацыі благаслаўлёных: кс. Вінчэнца Гросі, дыяцэзіяльнага святара з Італіі; іспанкі, сястры Марыі ад Беззаганнага Зачацця з Кангрэгацыі Сясцёр Таварыства Крыжа; а таксама свецкіх вернікаў з Францыі Мары-Зэлі і Луі Мартэн, бацькоў св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса.
Раней Папа даручыў Кангрэгацыі па справах Кананізацыі публікацыю дэкрэтаў аб сапраўднасці цудаў, учыненых праз заступніцтва гэтых благаслаўлёных.
| All the contents on this site are copyrighted ©. |