2015-06-13 10:15:00

Папа аб адносінах з праваслаўнымі і адзіным дні Пасхі


Падчас сустрэчы з удзельнікамі ІІІ Сусветных рэкалекцый для святароў 12 чэрвеня 2015 года папа Францішак выказаўся на тэму адносін паміж католікамі і праваслаўнымі. Святы Айцец нагадаў, што некалі “вялікімі сталіцамі Еўропы” былі Рым, Канстантынопаль і Масква, але паміж імі ўзніклі спрэчкі. Гэта “не лютэране спалілі Канстантынопаль. Гэта былі мы”, заўважыў Папа. Ён таксама нагадаў пра тое, што католікі двойчы нападалі на Расію.

“Існуе культурная напружанасць, якая сёння зноў накалілася” ва Украіне і якую “можна вырашыць толькі шляхам палітычнага дыялогу”. Папа адзначыў, што канфлікт “на паперы вырашаны Мінскімі дамоўленасцямі паміж усімі бакамі, але якія цяжка ажыцявіць на практыцы”.

Францішак назваў больш чым братэрскімі адносіны з Патрыярхам Канстантынопаля Барталамеем І і распавёў, што запрашаў ганаровага лідэра сустветнага праваслаўя паўдзельнічаць у прэзентацыі яго энцыклікі аб экалогіі, якая пройдзе 18 чэрвеня 2015 года ў Ватыкане. Патрыярх, аднак, не зможа гэтага зрабіць і таму вырашыў адправіць “лепшага тэолага”, Мітрапаліта Пергамскага Іаана (Зізіўласа). У самой энцыкліцы два параграфы прысвечаны Патрыярху Барталамею, “як вялікаму абаронцу стварэння”, падзяліўся Папа.

Гаворачы пра адносіны з Рускай Праваслаўнай Царквой Пантыфік заўважыў, што меў магчымасць для камунікацыі з Патрыярхам Кірылам праз пасярэдніцтва “епіскапа адказнага за адносіны з іншымі хрысціянамі”. Ён нагадаў пра тое, што меў добрыя адносіны з прадстаўнікамі Рускай Праваслаўнай Царквы ў Аргентыне, будучы арцыбіскупам Буэнас-Айрэса. Святы Айцец усклаў вялікія спадзяванні на Усеправаслаўны Сабор, які павінен адбыцца ў 2016 годзе. 

Францішак нагадаў пра намаганні Барталамея І на карысць супольнага святкавання Вялікадня паміж праваслаўнымі. Ён паставіў у прыклад Фінляндыю, дзе праваслаўная супольнасць вырашыла святкаваць Пасху ў адзін дзень з лютэранамі, “каб не ствараць скандалу падзелу”. “Калі ўваскрэсне твой Хрыстос? Мой – на наступным тыдні: гэта скандал”, - іранічна заўважыў Пантыфік. Святы Айцец падкрэсліў, што неабходна прыйсці да згоды ў гэтым пытанні, а супольным днём святкавання Пасхі можа быць другая нядзеля красавіка. Каталіцкі Касцёл яшчэ з часоў Паўла VI гатовы ўстанавіць канкрэтную дату святкавання Вялікадня, нагадаў Францішак. 








All the contents on this site are copyrighted ©.