2015-06-12 18:15:00

Францішак: празелітызм – карыкатура на евангелізацыю


Вечарам 12 чэрвеня 2015 г. папа Францішак сустрэўся з удзельнікамі ІІІ Сусветных рэкалекцый для святароў, якія праходзяць у рымскай базыліцы св. Яна на Латэране па ініцыятыве Міжнароднай каталіцкай службы харызматычнага абнаўлення (International Catholic Charismatic Renewal Services) і Каталіцкага брацтва (Catholic Fraternity).

У духоўных практыкаваннях на тэму “Пакліканыя да святасці дзеля новай евангелізацыі” прымаюць удзел каля тысячы святароў з розных краін свету, звязаных з каталіцкімі харызматычнымі рухамі. Сусветныя рэкалекцыі праходзяць 10-14 чэрвеня 2015 года. 

Папа Францішак прыбыў на спатканне са святарамі каля 16.00 па рымскім часе. Ён звярнуўся да прысутных з доўгай шчырай прамовай на іспанскай мове, у якой між іншым заўважыў, што біскупы павінны ва ўсім спадарожнічаць святарам і падтрымліваць іх. “Цудоўна бачыць біскупаў побач са святарамі”, - сказаў ён.

Святы Айцец падкрэсліў, што па-сапраўднаму важнымі для святара з’яўляюцца блізкія адносіны з Панам, а “народ Божы здольны адразу распазнасць калі святар закаханы ў Езуса , а калі з’яўляецца функцыянерам з дакладна вызначанымі працоўнымі гадзінамі ці асобай прывязанай на літары закона”.

Папа ў чарговы раз асудзіў клерыкалізм. “Не клерыкалізуйце свецкіх. Клерыкалізм – гэта адзін з грахоў, які спыняе свабоду Касцёла”, - сказаў ён і дадаў, што клерыкалізм нагадвае танга, якое танцуецца ўдвух: святару падабаецца клерыкалізаваць, а свецкі – просіць аб клерыкалізацыі. “Будзьце пільнымі, каб не стаць саўдзельнікамі клерыкалізацыі”, - папярэдзіў Папа.

Пасля прамовы Францішак пачаставаўся матэ, прапанаваным адным са святароў, і адказаў на некаторыя пытанні. Між іншым Пантыфік нагадаў, пра важнасць жыццёвага сведчання аб Евангеліі. “Празелітызм – гэта карыкатура на евангелізацыю. Касцёл расце не дзякуючы празелітызму, але праз прывабнасць”, - заўважыў Францішак. Пасля размовы з удзельнікамі рэкалекцый Пантыфік узначаліў Эўхарыстыю.








All the contents on this site are copyrighted ©.