2015-06-12 13:49:00

Папа і прэм’ер-міністр Польшчы размаўлялі аб Украіне


12 чэрвеня 2015 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі прэм’ер-міністра Польшчы Эву Копач, якая затым сустрэлася з арцыбіскупам Полам Галахерам, сакратаром Святога Пасаду па адносінах з дзяржавамі.

У ходзе сардэчных перамоў было высока ацэнена спакойнае і эфектыўнае супрацоўніцтва ў падрыхтоўцы візіту, які Святы Айцец здзейсніць у Польшчу ў 2016 годзе, з нагоды Сусветных дзён моладзі. Падчас аўдыенцыі абмяркоўваўся станоўчы ўклад Каталіцкага Касцёла ў Польшчы ў актуальны сацыяльна-эканамічны кантэкст і некаторыя пытанні этычнага характару. 

Удзельнікі сустрэчы абмяняліся поглядамі на міжнародную сітуацыю, з асаблівай увагай на становішча ва Украіне, гаворыцца ў спецыяльным паведамленні Залы Друку Апостальскай Сталіцы.

У якасці падарунку Эва Копач перадала Францішку саджанец польскай яблыні, якая – паводле слоў прэм’ера, – будзе даваць цудоўнейшыя яблыкі, а таксама  сярэбранае блюда ўпрыгожанае бурштынам, на якое гэтыя яблыкі можна будзе пакласці. Ад Пантыфіка яна атрымала медальён з выявай св. Марціна, які накрывае плашчам бедных, як знак, што нагадвае аб адказнасці дзяржаўных кіраўнікоў за клопат аб патрабуючых. Cустрэча працягвалася каля 30 хвілін.








All the contents on this site are copyrighted ©.