2015-06-12 14:33:00

Ватыканскі дыпламат у ААН аб праблеме беспрацоўя


Беспрацоўе і паглыбленне сацыяльная няроўнасці з’яўляюцца аднымі з галоўных прычын нестабільнасці ў многіх краінах свету, нагадаў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пры ААН арцыбіскуп Сільвана Тамазі на чарговым пасяджэнні арганізацыі, якое прайшло ў Жэневе.

Ватыканскі дыпламат заўважыў, што гаспадарчыя, грамадскія і палітычныя перамены, а таксама дасягненне сацыяльнай справядлівасці застаюцца актуальным заданнем. Адной з катэгорый людзей, якія пакутуюць ад беспрацоўя і сацыяльнай няроўнасці з’яўляецца моладзь, у першую чаргу жанчыны, дадаў ён.

Арцыбіскуп Тамазі нагадаў, што ў мінулым годзе ў пошуку працы знаходзілася каля 74 млн. чалавек ва ўзросце ад 15 да 24 гадоў. Узровень беспрацоўя сярод гэтай катэгорыі грамадзян у тры разы вышэй, чым сярод дарослых, незалежна ад часткі свету. Гэта становіцца прычынай павелічэння хваляў міграцыі і колькасці ўдзельнікаў экстрэмісцкіх груповак.

“Апостальская Сталіца, у якасці вырашэння гэтай сітуацыі, прапануе большую салідарнасць і супрацоўніцтва паміж усімі суб’ектамі міжнароднай супольнасці, а таксама ўмацаванне намаганняў на карысць паляпшэння гаспадарчых і грамадскіх умоваў у краінах паходжання мігрантаў”, - сказаў ватыканскі дыпламат. 








All the contents on this site are copyrighted ©.