2015-06-11 14:04:00

Францішак: бескарысліва служыць і абвяшчаць Евангелле


Вучань Хрыста пакліканы бескарысліва служыць і абвяшчаць Евангелле, нагадаў папа Францішак 11 чэрвеня 2015 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. Рух, служэнне і бескарыслівасць – гэтыя тры аспекты хрысціянскай тоеснасці былі галоўнымі тэмамі гаміліі Святога Айца.

Калі хрысціянін прабывае ў статычным стане, калі не выходзіць, каб абвяшчаць Добрую навіну аб збаўленні – ён не з’яўляецца сапраўдным вучнем Хрыста, яму не хапае місійнасці, сказаў Папа. Адначасова, хрысціяне пакліканы крочыць унутраным шляхам – штодзённага пошуку Пана ў малітве і разважанні. Калі вучань Хрыста не шукае Бога – Евангелле, якое нясе іншым, становіцца слабым, разбаўленым, без сілы, падкрэсліў Святы Айцец.

Іншым абавязкам хрысціяніна з’яўляецца служэнне. Некаторыя задавальняюцца тым, што называюць сябе веруючымі ў Хрыста, жывуць у спакоі, спавядаюцца, удзельнічаюць у св. Імшы, але, паводле Папы, неабходна яшчэ і служэнне. Хрысціянін павінен жыць евангельскімі благаслаўленнямі і служыць Хрысту ў хворых, зняволеных, галодных, нагіх. 

Служэнне хрысціян павінна быць бескарыслівым, паколькі яны і самі атрымалі збаўленне бескарысліва. “Сумна, калі існуюць хрысціянскія супольнасці, парафіі, рэлігійныя кангрэгацыі, дыяцэзіі, якія забылі аб бескарыслівасці, бо за гэтым стаіць ілюзія, што збаўленне паходзіць ад багаццяў, чалавечай улады”, лічыць Святы Айцец.

Францішак заўважыў, што калі вернікі спадзяюцца на ўласную выгаду ў часе вандравання, эгаістычна шукаюць рэчы для сябе, а не служаць іншым, калі пакладаюць надзею на багацці ці маленькія бяспекі гэтага свету – усё разбурыцца. “Пан учыніць, каб ўсё гэта разбурылася”, - дадаў на заканчэнне сваёй гаміліі Папа. 








All the contents on this site are copyrighted ©.