2015-06-10 11:14:00

Папа: хвароба можа стаць школай жыцця для сям’і


Хваробы і пакуты ў жыцці сям’і – гэтай тэме папа Францішак прысвяціў сваю катэхезу падчас агульнай аўдыенцыі 10 чэрвеня 2015 г. у Ватыкане. Звяртаючыся да сабраных на плошчы св. Пятра вернікаў, Пантыфік заўважыў, што досвед хваробы ў сямейным асяроддзі можа ўмацаваць сувязь паміж яго членамі і стаць сапраўднай школай жыцця для дзяцей і моладзі.

“У кантэксце сямейных сувязяў, хвароба асобаў, якіх любім, пераносіцца з “большымі” пакутамі і трывогай. Менавіта любоў прымушае нас адчуваць гэта “больш”. Часта для бацькі або маці, складаней перанесці хваробу сына, дачкі, чым сваю ўласную. Сям’я, можам сказаць, заўсёды была самым блізкім “шпіталём”. Яшчэ сёння, у многіх частках свету, шпіталі – гэта прывелей для нямногіх і яны часта знаходзяцца далёка. А маці, бацька, браты, сёстры забяспечваюць клопат і дапамагаюць ачуняць”, - сказаў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што на старонках Евангелля часта апісваюцца сустрэчы Езуса з хворымі і клопат Пана аб іх аздараўленні. “Ён публічна прадстае, як Той, хто змагаецца з хваробамі і які прыйшоў, каб аздаравіць чалавека ад усякага зла: зла душы і цела. Сапраўды ўражваючай з’яўляецца толькі што агучаная сцэна з Евангелля паводле св. Марка: “Калі настаў вечар і зайшло сонца, прыносілі да Яго ўсіх нядужых і апанаваных злымі духамі”. Калі думаю пра вялікія сучасныя гарады, пытаюся ў сябе: дзе тыя дзверы да якіх трэба прыносіць хворых у надзеі на іх аздараўленне! Езус ніколі не пазбягаў клопату аб іх. Ніколі не праходзіў міма, ніколі не адварочваў твару ў іншы бок. А калі бацька або маці, ці нават проста сябры прыносілі перад Ім хворага, каб дакрануўся да яго і аздаравіў, Ён ніколі не ўхіляўся; аздараўленне ішло перад законам, нават такім сакральным, як адпачынак у суботу”, - падкрэсліў Папа.

Францішак нагадаў, што Езус паслаў сваіх вучняў выконваць такое самае заданне і даў ім ўладу несці аздараўленне. “Мы павінны добра памятаць пра тое, што Ён сказаў вучням ва ўрыўку пра сляпога ад нараджэння. Вучні, – каля самаго сляпога! – абмяркоўвалі, хто зграшыў, што ён нарадзіўся сляпым, ён ці бацькі ягоныя (...). Пан адказаў ясна: ні ён, ні бацькі ягоныя; але сталася гэта дзеля таго, каб выявіліся праз яго справы Божыя. І аздаравіў яго. Вось слава Божая! Гэта заданне Касцёла! Дапамагаць хворым, не губляючыся ў пустых размовах”, - адзначыў Пантыфік.

Касцёл заклікае да пастаяннай малітвы за блізкіх, якія хварэюць, нагадаў Францішак і паставіў у прыклад кананейскую жанчыну з Евангелля паводле св. Мацвея, якая настойліва прасіла Езуса аб аздараўленні сваёй дачкі і за сваю веру заслужыла пахвалу Збаўцы.

“Перад абліччам хваробаў, таксама і ў сем’ях узнікаюць цяжкасці, з прычыны чалавечай слабасці. Але звычайна, час хваробы дапамагае ўмацаваць сямейныя сувязі. Я думаю пра тое, наколькі важна навучыць дзяцей ад самага маленства салідарнасці ў час хваробы. Выхаванне, якое трымае далёка ад спачування да чалавечай хваробы – высушвае сэрца і чыніць так, што юнакі і дзяўчаты становяцца “нячулымі” да цярпенняў іншых, няздольнымі рэагаваць на пакуты і перажываць досвед абмежаванняў”, – сказаў Папа. 

Францішак нагадаў пра гераізм асобаў, якія вымушаны праводзіць ноччы каля ложку хворага члена сям’і, а днём ісці на працу. Ён таксама заўважыў, што пакуты самых дарагіх людзей, могуць стаць школай жыцця для моладзі, калі суправаджаюцца малітвай, цёплай і клапатлівай блізкасцю членаў сям’і. На заканчэнне сваёй катэхезы Францішак адзначыў, што сем’і, якія сустрэліся з досведам хваробы не павінны пакідацца сам на сам са сваімі праблемамі, але атрымліваць дапамогу хрысціянскай супольнасці, іншых сем’яў з парафіі.








All the contents on this site are copyrighted ©.