2015-06-10 17:04:00

Пантыфік зацвердзіў важныя рашэнні Рады кардыналаў


Абарона непаўналетніх і рэформа ватыканскіх СМІ – гэтыя тэмы абмяркоўваліся ў рамках дзесятага пасяджэння Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам і падрыхтоўцы праекту рэформы Рымскай курыі, якое праходзіла 8-10 чэрвеня 2015 г. у Ватыкане.

Пантыфік зацвердзіў прапановы Папскай камісіі па абароне непаўналетніх, прадстаўленыя яе старшынёй кардыналам Шонам Патрыкам О’Мэлі. Ён аўтарызаваў скіраванне скаргаў на “злоўжыванні біскупскай ўладай” – гэта значыць схаванне біскупамі фактаў сексуальных злачынстваў адносна непаўналетніх з боку духавенства – у тры ватыканскія дыкастэрыі: Кангрэгацыю па справах Біскупаў, Кангрэгацыю Евангелізацыі Народаў або Кангрэгацыю па справах Усходніх Касцёлаў. Суджэнне, аднак, будзе выносіць Кангрэгацыя Веравучэння.

Іншая прапанова тычылася стварэння новай судовай секцыі пры Кангрэгацыі Веравучэння з пастаянным персаналам і сакратаром, які будзе дапамагаць яе прэфекту ў вядзенні спраў аб злоўжываннях святароў у адносінах да непаўналетніх ці дарослых безабаронных асобаў. 

Святы Айцец устанавіў пяцігадовы тэрмін для далейшага развіцця гэтых прапаноў і ажыцяўлення фармальнай ацэнцы іх карыснасці і распададзіўся, каб на гэтыя мэты былі вылучаны неабходныя сродкі. 

Францішак зацвердзіў таксама прапановы кс. Дарыё Вігано, кіраўніка Камісіі па рэформе ватыканскіх СМІ. Прадстаўлены ім праект рэформ разлічаны на  чатыры гады. Ён прадугледжвае паступовую інтэграцыю ўсіх ватыканскіх медыя-структур без скарачэння іх персаналу. Ажыцяўленнем рэформы будзе займацца спецыяльная дыкастэрыя па ватыканскіх СМІ і камунікацыі Апостальскай Сталіцы, якая з’явіцца ў бліжэйшы час.

У рамках свайго пасяджэння дарадчыкі Святога Айца абмяркоўвалі чарнавы варыянт прэамбулы новай канстытуцыі аб рэформе Рымскай Курыі, фінансавыя пытанні Апостальскай Сталіцы і прэзентацыю будучай энцыклікі папы Францішка аб экалогіі. Наступнае пасяджэнне Рады кардыналаў пройдзе 14-16 верасня 2015 г. 








All the contents on this site are copyrighted ©.