2015-06-08 10:07:00

Францішак сустрэўся з Прэзідэнтам Аргентыны


Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі Прэзідэнта Аргентыны Крысціну Фернандэс дэ Кіршнер. Сустрэча адбылася вечарам 7 чэрвеня 2015 г. у прыватным кабінеце Пантыфіка ў ватыканскай Зале Паўла VI. Сардэчная размова, працягвалася каля паўтары гадзіны. Падчас яе Крысціна Фернандэс дэ Кіршнер хацела чарговы раз запэўніць Святога Айца ў любові і блізкасці аргентынскага народу і папрасіць благаслаўлення для суграмадзян, распавёў кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі.

Папа Францішак сустрэўся таксама з членамі дэлегацыі, якая суправаджае Прэзідэнта ў падарожжы ў Італію. Яно працягнецца 8 чэрвеня 2015 г. удзелам у канферэнцыі Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ФАО), сустрэчай з кіраўнікамі італьянскай дзяржавы і наведваннем Сусветнай выставы “Expo 2015” у Мілане.

Крысціна Фернандэс дэ Кіршнер уручыла Святому Айцу некалькі каштоўных падарункаў: вялікі абраз бл. Оскара Арнульфа Рамэра-і-Гальдамэса; кнігу “Кантынентальныя дзяржавы і “Мерсакур” (“Los estados continentales y el Mercosur”) Альберта Метол-Ферэ, уругвайскага філосафа, якога высока цэніць Пантыфік; выданне нацыянальнай аргентынскай паэмы Хасэ Эрнандэса “Марцін Фьеро” (“Martin Fierro”), якую Папа некалькі разоў цытаваў у сваіх прамовах; два барыльефы для невідушчых з выявамі Маці Божай з Лухан і патрэтам Пантыфіка; кошык з традыцыйнымі аргентынскімі прадуктамі і альбом з фотаздымкамі архітэктурнай спадчыны Аргентыны, выдадзены з нагоды 200-годдзя незалежнасці краіны. Святы Айцец, у сваю чаргу, падараваў Прэзідэнту рэпрадукцыю іконы Маці Божай Уладзімірскай.

З пачатку свайго пантыфікату папа Францішак сустракаўся з Крысцінай Фернандэс дэ Кіршнер пяты раз.








All the contents on this site are copyrighted ©.