2015-06-06 11:56:00

Папа да баснійскіх палітыкаў: гарантаваць роўнасць усім


Пра неабходнасць крочыць у напрамку ўмацавання даверу і ўзаемнай павагі ў Босніі і Герцагавіне нагадаў папа Францішак 6 чэрвеня 2015 г. звяртаючыся да мясцовых палітыкаў, членаў дыпламатычнага корпуса, каталіцкіх біскупаў і кіраўнікоў іншых канфесій і рэлігій, падчас сустрэчы ў Прэзідэнцкім палацы ў Сараеве.

“Мне прыемна знаходзіцца ў гэтым горадзе, які шмат пакутаў ад крывавых канфліктаў мінулага стагоддзя і зноў стаў месцам дыялогу і мірнага суіснавання”, заўважыў Папа. Сараева перайшло ад культуры супрацьстаяння і вайны да культуры сустрэчы і таму мае асаблівае значэнне для Еўропы і ўсяго свету, дадаў ён. 

“На працягу стагоддзяў на гэтых тэрыторыях знаходзіліся супольнасці, які вызнавалі розныя рэлігіі і прыналежалі да розных народнасцяў і культур, кожная з якіх багата сваімі ўнікальнымі характарыстыкамі і ганарыцца сваімі асаблівымі традыцыямі, што на працягу доўгага часу не перашкаджала ўстанаўленню ўзаемных сяброўскіх і сардэчных адносін”, адзначыў Святы Айцец. 

Сараева называюць “Іерусалімам Еўропы”. Гэта роля патрабуе будавання заўсёды новых мастоў і аднаўлення існуючых. Людзі, сем’і і супольнасці павінны дзяліцца каштоўнасцямі сваёй культуры і прымаць дабро, якое паходзіць з досведу іншых. Так можна залячыць цяжкія раны нядаўняга мінулага, заўважыў Папа.

Францішак нагадаў, што пасля заканчэння грамадзянскай вайны, быў дасягнуты значны прагрэс, але неабходна працягваць ісці да аднаўлення даверу і ўмацавання ўзаемнага знаёмства і павагі. 

“Каб садзейнічаць гэтаму шляху фундаментальнай з’яўляецца блізкасць і супрацоўніцтва міжнароднай супольнасці, асабліва Еўрапейскага Саюза, а таксама ўсіх краін і арганізацый, якія прысутнічаюць і дзейнічаюць на тэрыторыі Босніі і Герцагавіны. Сапраўды, Боснія і Герцагавіна з’яўляецца неад’емнай часткай Еўропы; яе поспехі і драмы цалкам уключаюцца ў еўрапейскія поспехі і драмы і ў той жа час з’яўляюцца сур’езным папярэджаннем для прыкладання намаганняў, каб пачатыя мірныя працэсы станавіліся ўсё больш моцнымі і незваротнымі”, - сказаў Папа. 

Згода паміж харватамі, сербамі і баснійцамі ў Босніі і Герцагавіне, а таксама сардэчныя адносіны паміж мясцовымі мусульманамі, яўрэямі і хрысціянамі, маюць важнасць не толькі ў межах краіны.

“Яны сведчаць усяму свету, што супрацоўніцтва паміж рознымі народамі і рэлігіямі дзеля супольнага дабра – магчымае; што плюралізм культур і традыцый можа існаваць і даваць жыццё арыгінальным і эфектыўным рашэнням праблем; што нават самыя глыбокія раны могуць быць залечаны шляхам, які ачышчае памяць і дае надзею на будучыню. Я бачыў сёння гэту надзею ў тых дзецях, якія віталі мяне ў аэрапорце – мусульманскіх, праваслаўных, яўрэйскіх, каталіцкіх і іншых меншасцяў – усе разам, радасныя. Гэта надзея! Зробім стаўку на гэта!”, - сказаў Папа.

Францішак заклікаў супрацьстаяць варварству тых, хто намагаецца пераўтаваць адметнасці ў нагоду для насілля. З разнастайнасці галасоў неабходна утварыць шляхетны і гарманічны спеў, а не фанатычны вокліч нянавісці, вобразна сказаў ён. Святы Айцец нагадаў палітыкам, аб пакліканні быць галоўнымі абаронцамі фундаментальных правоў насельніцтва краіны, да якіх, у першую чаргу, адносіцца свабода веравызнання. Ён адзначыў важнасць захавання роўнасці грамадзян усіх веравызнанняў і нацыянальнасцяў перад законам. Выходзячы з Прэзідэнцага палацу Папа выпусціў два белых голуба.








All the contents on this site are copyrighted ©.