2015-06-06 12:10:00

Пантыфік у Сараеве: жадаць іншаму народу, чаго жадаеш свайму


Існуюць фальшывыя будаўнікі спакою, якія толькі абвяшчаюць яго на словах, а ёсць тыя, хто дзень за днём яго будуе ўласнаручна, заўважыў папа Францішак 6 чэрвеня 2015 г. падчас Эўхарыстыі на стадыёне “Koševo”, у рамках свайго аднадзённага падарожжа ў Сараева.

“Мір – гэта мара Бога, Яго задума для чалавецтва, гісторыі і ўсяго стварэння. І гэта задума заўсёды сустракае супраціў з боку чалавека і злога”, - заўважыў Папа. Ён перакананы, што зараз трывае пэўнага роду Трэццяя сусветная вайна, якая вядзецца “па частках”; а ў кантэксце глабальнай камунікацыі адчуваецца атмасфера вайны. Існуюць сілы, якія намагаюцца ствараць гэту атмасферу, якія зацікаўлены ў сутыкненні паміж рознымі культурамі і цывілізацыямі, а таксама тыя, хто спекулююць на вайне, прадаючы зброю, лічыць Святы Айцец.

Вайна, гэта дзеці, жанчыны і пажылыя людзі ў лагерах для бежанцаў; гэта прымусовыя перасяленні; разбураныя дамы, дарогі, фабрыкі; гэта вялікая колькасць загубленых жыццяў, нагадаў Папа. Мір, паводле Францішка, у першую чаргу, дасягаецца дзякуючы справядлівасці: не абвешчанай, тэарытычнай ці запланаванай, але той, якая практыкуецца ў жыцці. 

Новы Запавет нас вучыць, што поўнае спаўненне справядлівасці – гэта любоў да іншага, як да сябе самога. На думку Папы, калі людзі прытрымліваюцца гэтай запаведзі – яны змяняюцца: пачынаюць бачыць, што асоба ці народ, які лічылі варожым, у рэальнасці мае такое самае аблічча, такое самае сэрца і душу. “Мы маем аднаго Айца ў Нябёсах. Такім чынам сапраўдная справядлівасць заключаецца ў тым, каб рабіць для іншага чалавека ці народу, тое, чаго жадаем для сябе, для свайго народу”, - сказаў Папа. 

Францішак заклікаў будаваць мір, “апранаючыся” у лагоднасць, дабрыню, пакору, вялікадушнасць і добразычлівасць і абапіраючыся ў гэтай справе на Бога, бо мір з’яўляецца Яго дарам.








All the contents on this site are copyrighted ©.