2015-06-05 13:14:00

Францішак да сэрцанаў: будзьце “каналамі” любові


6 чэрвеня 2015 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў Генеральнага капітула Кангрэгацыі святароў Найсвяцейшага Сэрца Езуса – манаскай супольнасці, заснаванай у ХІХ ст. французскім святаром кс. Леонам Дэонам. Законнікі вядомыя ў некаторых рэгіёнах пад назвай “сэрцане”. 

Удзельнікі капітула разважалі над тэмамі міласэрнасці, жыцця ў супольнасці і служэння бедным. У сваім звароце да іх Святы Айцец нагадаў, што шлях узрастання ў міласэрнасці, патрабуе глыбокай еднасці з Богам у малітве, у разважанні над Божым Словам, цэлебрацыі Эўхарыстыі. Ён падкрэсліў, што пяшчотнымі, спагадлівымі і добрымі да людзей робіць прыняцце міласэрнасці і бескарыслівай любові Бога. Папа заклікаў прымаць міласэрнасць іншых і дзяліцца багаццем уласнай міласэрнасці з імі, прыкладам чаго, для сэрцанаў можа стаць асоба заснавальніка іх супольнасці.  

Пантыфік падкрэсліў, што міласэрнасць з’яўляецца ключавым словам у Евангеллі – “абліччам” Хрыста, якое аб’явілася калі Ён аздараўляў хворых, сядзеў за адным сталом з грэшнікамі, і, перш за ўсё, калі прабачаў, будучы прыбітым да крыжа. 

Францішак заклікаў законнікаў, каб іх жыццё было “каналам” такой любові, галоўным чынам, для самых бедных, якія з’яўляюцца прывелеяванымі ў вачах Бога. “Міласэрны стыль дазволіць вам з гатоўнасцю адкрыцца на актуальныя патрэбы і дзейсна прысутнічаць на новых арэапагах евангелізацыі, аддаючы перавагу, нават калі гэта патрабуе ахвяры, адкрытасці на тыя скрайнія патрэбы, якія з’яўляюцца сімптомамі хвароб сучаснага грамадства”, - напісаў ён. Папа заклікаў законнікаў чэрпаць натхненне з прыкладаў апостальскай дзейнасці іх папярэднікаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.