2015-06-05 10:37:00

Папа: у Эўхарыстыі Езус пакінуў вучням усё неабходнае


Ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста 4 чэрвеня 2015 г. папа Францішак нагадаў, што ў Эўхарыстычных хлебе і віне Езус пакінуў сваім вучням усё неабходнае, каб ісці праз гісторыю і распаўсюджваць Божае Валадарства. Пантыфік узначаліў Эўхарыстыю перад базылікай св. Яна на Латэране. У сваёй гаміліі ён спаслаўся на ўрывак з Літургіі гадзін, у якім прагучаў заклік да спажывання Цела і Крыві Хрыста, каб “не разлучыцца” і “не засумнявацца ў сваёй годнасці”.

“Мы разлучаемся, калі не застаёмся паслухмянымі Слову Пана, калі не жывем у братэрстве, калі спяшаемся заняць першыя месцы, калі нам не хапае адвагі, каб сведчыць аб любові, калі няздольныя несці надзею. Эўхарыстыя чыніць так, каб мы не разлучаліся, бо з’яўляецца сувяззю еднасці”, - сказаў Папа.

Францішак дадаў, што хрысціяне губляюць усведамленне ўласнай годнасці, калі ідуць за ідаламі гэтага свету: захапляюцца знешнім, спажывецтвам, ставяць сябе ў цэнтр усяго; калі супернічаюць, фанабэрацца, імкнуцца панаваць, лічаць сябе беспамылковымі і не маючымі патрэбы ў дапамозе. Усё гэта сведчыць аб сумневах ва ўласнай годнасці, пераўтварае ў хрысціян павярхоўных і цёплых, адзначыў ён.

Пантыфік заклікаў таксама да салідарнасці з паслядоўнікамі Хрыста, якія падвяргаюцца пераследу. “Ідучы ў гэтай эўхарыстычнай працэсіі, будзем трываць у еднасці з тымі шматлікімі братамі і сёстрамі, якія не могуць свабодна выражаць сваю веру ў Езуса Хрыста. У нашых сэрцах будзем аддаваць пашану тым братам і сёстрам, ад якіх патрабавалася прынясенне жыцця ў ахвяру за вернасць Хрысту. Няхай іх кроў, злучаная з Крывёю Пана Езуса, будзе знакам спакою і прымірэння для ўсяго свету”, - сказаў Святы Айцец.

Пасля літургіі Папа на аўтамабіле адправіўся да базылікі Санта Марыя Маджорэ, дзе сустрэў вернікаў, якія прайшлі да святыні ў пешай эўхарыстычнай працэсіі, каб удзяліць ім сваё апостальскае благаслаўленне. 








All the contents on this site are copyrighted ©.