2015-06-04 14:00:00

Ці сапраўды Борджыа пераўтварыў Рым у крымінальны горад?


Адзін з распаўсюджаных міфаў пра Аляксандра VI Борджы тычыцца яго віны за крыміналізацыю Рыма, пераўтварэнне Вечнага горада ў сапраўдны сметнік цывілізацыі – цёмнае, бруднае, распуснае, злачыннае месца, дзе з надыходам ноччы пачыналі дзейнічаць чорныя эскадроны, нясучыя смерць і пакуты насельніцтву і апанентам Пантыфіка. 

Як і многія іншыя чорныя легенды пра Радрыга Борджыа – гэтая не мае нічога супольнага з рэальнасцю. Каб пераканацца ў дадзеным сцвярджэнні мы перанясемся ў Рым канца XV ст. і паспрабуем убачыць, што ён уяляў з сябе.

Па-першае трэба адзначыць, што сапраўды ў тую эпоху злачыннасць у Рыме дасягнула экстэмальна высокага ўзроўню. Горад быў напоўнены ўзброенымі людзьмі, якія тэрарызавалі насельніцтва і нават біскупаў і кардыналаў Рымскага Касцёла. Здавалася, што ў Рыме панавала сапраўдная анархія. Калі днём, мясцовыя ахоўнікі парадку маглі кантраляваць сітуацыю, то ноччу яны нават не намагаліся рабіць гэтага. 

Цёмны час сутак станавіўся тэатрам крывавых трагедый: адбываліся шматлікія войны паміж прадстаўнікамі груповак, забойствы і крадзяжы. Горад трываў у страху. Кардынал Эгідзій з Вітэрбо пісаў, што ніхто не мог адчуваць сябе ў бяспецы нават ва ўласным доме, асабліва, калі захоўваў якія-небудзь каштоўныя рэчы. Што казаць, калі нават біскуп Аквілы, быў заколаты ва ўласным палацы, злодзеямі, якія жадалі яго абрабаваць. Менавіта ноччу загінуў пазней і сын Папы Борджыа: Джаванні дэ Гандзіа і капітан папскай міліцыі Джаванні Чэрвілон. 

Крымінальная сітуацыя ў Рыме скалалася задоўга да Аляксандра VI. Дакументы пісалі аб ёй яшчэ ў перыяд пантыфікату Марціна V (1417-1431), які вярнуўся ў Рым пасля перыяду Авіньёнскага плену і знаходжання Вечнага горада ў руках італьянскіх вайскоўцаў. 

У момант абрання Радрыга Борджыа папам крымінальная сітуацыя дасягнула найвышэйшай кропкі. Храніст Інфесурыя піша, што за 36 дзен з моманту смерці Інакенцыя VIII і да абрання Аляксандр VІ на Пасад св. Пятра, у горадзе адбылося 220 забойстваў. Такім чынам мы бачым, што крымінальная сітуацыя ўзнікла нашмат раней.

Некаторыя тагачасныя летапісцы аднак перакідалі, віну за дзейнасць бандаў на Папе: маўляў, з самага першага дня свайго пантыфікату, ён акружыў сябе ўзброенымі людзьмі і напоўніў імі горад.

Сапраўды, вакол Аляксандра VI знаходзілася шмат узброеных салдат і сапраўды з першага дня яго пантыфікату. Старажытныя дакументы апавядаюць, што яны акружалі Борджыа падчас яго інаўгурацыйнага праходу ад Ватыкана да базылікі св. Яна на Латэране – тагачаснай рэзідэнцыі Біскупа Рыма. Але на тое, што Папа ішоў у суправаджэнні узброеных людзей былі прычыны. Мы ўжо заўважалі ў мінулых праграмах, што Радрыга Борджыа меў шмат ворагаў, яшчэ да абрання Папам – у першую чаргу незадаволеных іспанскім панаваннем пры Паскім двары прадстаўнікоў багатых рымскіх кланаў. Такім чынам, прысутнасць войска была неабходна як мера бяспекі.

Тым больш, яшчэ з часоў папы Інакенцыя VIII арміі рымскіх сем’яў Арсіні і Калона, былі раскінуты вакол Ватыкана ў раёне Борга. Менавіта яны тэрарызавалі кардыналаў і дэманструючы сваю ўладу наводзілі страх на насельніцтва. Дакументы пацвярджаюць, што пурпураты, сярод якіх быў і сам Радрыга Борджыа, звярталіся да Папы, каб ён перадаў Калегіі Кардыналаў Замак Анёла – вялікую, непрыступную, фартыфікацыйную пабудову на беразе Тыбра, у якой яны б маглі адчуваць сябе ў бяспецы і не паддавацца ціску з боку рымскай шляхты. 

Пасля абрання Аляксандра VIП, прадстаўнікі мясцовых родаў былі яшчэ больш незадаволены стратай пасадаў і уплыву, таму імкнуліся ўмацаваць свой аўтарэтэт, праз крыміналізацыю грамадства. 

Таму адным з першых крокаў новаабранага Папы была барацьба са злачыннасцю. Ён, будучы перш за ўсё, вялікім стратэгам, праз дэкрыміналізацыю горада забіваў адразу дзвюх трусаў: па-першае заваёвываў павагу сярод насельніцтва, а па другое аслабляў праціўнікаў. 

Аляксандр VI рэфармаў рымскія турмы, даў рымлянам права змяніць сваю канстытуцыю, павялічыў колькасць магістратаў і устанавіў спецыяльную раду, члены якой павінны былі збірацца адзін раз на месяц для вырашэння праблем бяспекі народа і Апостальскай Сталіцы. 

Напэўна, за ўсё жыццё, у дадзенай сітуацыі, Аляксандр VI праявіў найбольшую цвёрдасць – ён дзейнічаў крайне рашуча і безлітасна. Папа пастанавіў, што пры даказанасці віны злачынцы яго жыллё падлягала разбурэнню, а сам вінаваты – смяротнаму пакаранню.

Трэба аднак адзначыць, што пакаранне смерцю злачынцаў не было выдумкай Папы – яно існавала ў тую эпоху ва ўсіх еўрапейскіх дзяржавах, адначасова з катаваннямі. Аднак менавіта заслуга Рымскіх Пантыфікаў у тым, што пакаранні станавіліся больш “гуманнымі”. Яшчэ Павел VI замяніў пакаранне за забойства прымусовай працай на галерах. Яго дзейнасць працягнуў пазней і Аляксандр VI – ён даў магчымасць вінавату ў забойстве захаваць сваё жыццё, пры умове калі ён здолее прымірыцца са сваякамі забітага і пакіне Рым на адлегласць не менш за 50 міль.  

Гледзячы на гэтыя крокі Папы становіцца зразумелым, часу ў момант падчас інаўгурацыі яго віталі тысячы радасных гараджан. Прысутны на ўрачыстасці гуманіст Мішэль Ферно быў вельмі ўражаны гэтым і пісаў, што напэўна веліч Папы па-сапраўднаму значная, калі яму аддаюцца такія почасці.

Сапраўды Рардыра Борджыа быў добра вядомы рымлянам за 35 гадоў сваёй кардынальскай дзейнасці і 23 гады на пасадзе віцэ-канцлера, як добры адміністратар, верны закону і праву. Напэўна ўжо тады на яго ўскладалі вялікія надзеі на перамены ў Вечным горадзе.

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка








All the contents on this site are copyrighted ©.