2015-06-04 11:15:00

Кардынал Паралін аб мэтах візіту Папы ў Сараева


Пантыфік едзе ў Боснію і Герцагавіну, каб падтрымаць мясцовых католікаў, абудзіць добрыя ферменты гэтай зямлі, умацаваць сяброўства, братэрства, дыялог і мір, адзначыў кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін у інтэрв’ю Ватыканскаму тэлевізійнаму цэнтру напярэдадні восьмага замежнага падарожжа папы Францішка. 6 чэрвеня 2015 г. Святы Айцец наведае Сараева – горад, які Ян Павел ІІ называў “Іерусалімам Еўропы”. 

Кардынал Паралін нагадаў, што у выніку вайны, якая закранула Боснію і Герцагавіну, загінулі каля 100 тыс. чалавек і вялікая колькасць людзей была вымушана пакінуць родную зямлю. Наступствы гэтага канфлікту асаблівым чынам адчула мясцовая каталіцкая супольнасць, якая галоўным чынам складаецца з харватаў. З пачатку 1990-х гадоў да сённяшняга дня колькасць католікаў у Босніі і Герцагавіне паменшылася ў два разы: з 800 тыс. да 400 тыс. чалавек. Сёння моладзь працягвае эміграваць па прычыне беспрацоўя і пошуку лепшых перспектыў жыцця. 

Бліжэйшы супрацоўнік Папы звярнуў увагу на складаную палітычную структуру Босніі і Герцагавіны, якая адлюстроўвае суіснаванне трох галоўных этнічных груп: баснійцаў, сербаў і харватаў, і выражана ў існаванні трох суб’ектаў: Баснійскай федэрацыі, Рэспублікі Сербскай і акругі Брчко.

Пурпурат перакананы, што ў такім кантэксце неабходна рэалізацыя поўнай роўнасці паміж усімі грамадзянамі і ўсімі сацыяльнымі, культурнымі і палітычнымі групамі, што складаюць краіну, незалежна ад іх колькасці. Усе павінны адчуваць сябе паўнапраўнымі грамадзянамі, са сваёй тоеснасцю. Гэта ўмова, на думку ватыканскага дыпламата, дапаможа дасягнуць міру і паспрыяе інтэграцыі Босніі і Герцагавіны з Еўрапейскім Саюзам. Акрамя таго, гэта можа стаць прыкладам для шматлікіх іншых рэгіёнаў у свеце, дзе адметнасці становяцца прычынай канфліктаў і супрацьстаяння, замест таго, каб быць крыніцай узаемнага ўзбагачэння. 








All the contents on this site are copyrighted ©.