2015-06-04 12:22:00

Дзяржсакратар: Касцёл заўсёды падтрымліваў асвету


Каталіцкі Касцёл зрабіў і працягвае рабіць вялікі ўклад у сусветную спадчыну адукацыі і выхавання, і сёння прымае ўсе выклікі ў гэтай галіне. Адукацыя займае цэнтральнае месца ў яго місіі. Аб гэтым казаў кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін 3 чэрвеня 2015 г. на міжнародным форуме “Выхаванне сёння і заўтра”, арганізаваным у штаб-кватэры ЮНЕСКА ў Парыжы місіяй Пастаяннага назіральніка Апостальскай Сталіцы пры гэтай арганізацыі, у супрацоўніцтве з Кангрэгацыяй каталіцкай адукацыі.

Нагодай для правядзення гэтай сустрэчы сталі сёлетнія юбілеі: 70-годдзя ЮНЕСКА, 50-годдзя саборнай Дэкларацыі аб хрысціянскай адукацыі “Gravissimum educationis” і 25-годдзя Апостальскай канстытуцыі Яна Паўла II „Ex corde Ecclesiae” аб каталіцкіх навучальных установах.

Спасылаючыся на першы з гэтых юбілеяў, ватыканскі іерарх выказаў “гарачае пажаданне”, каб ён стаў прамой магчымасцю ўмацавання прыхільнасці ЮНЕСКА абароне культурнай спадчыны чалавецтва і садзейнічання адукацыі і навуцы. 

Кардынал Паралін звярнуў увагу, што Касцёл не толькі заўсёды лічыў культуру і адукацыю інструментамі евангелізацыі, але таксама заўважаў іх гуманітарнае вымярэнне і высокую ўнутраную каштоўнасць. Ён запэўніў, што Касцёл падтрымлівае намаганні па ліквідацыі непісьменнасці і па доступе для ўсіх да адукацыі. Сёння гэта стала яшчэ больш актуальным у сувязі з намаганнямі па абароне этнічных і рэлігійных меншасцяў і падтрымцы жаночага генія.

Кардынал Дзяржсакратар вызначыў чатыры асноўных выклікі ў галіне выхавання і адукацыі: аднаўленне цэнтральнага месца чалавечай асобы, пашыраная і занаваная на каштоўнасцях адукацыя, супольная адказнасць за асвету і выхаванне да дыялогу і братэрства.

Іерарх падкрэсліў, што адукацыя і навучанне сталі ідэальнай платформай для звяржэння сцяны неразумення і гардзялівасці. “Цэласная адукацыя здольная цярпліва слухаць і канструктыўна весці дыялог”, - заўважыў ён і дадаў, што гэта стварае магчымасці ўзаемнага збліжэння.  








All the contents on this site are copyrighted ©.