

Новы прэфект Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў заклікаў да працягу абнаўлення паслясаборнай літургіі, ініцыяванага Бэнэдыктам XVI. Гэтага жадае папа Францішак. Кардынал Рабер Сара спаслаўся на сваю размову са Святым Айцом. У дзень намінацыі ён спытаў цяперашняга Пантыфіка, чаго той чакае ад яго на гэтай пасадзе. “Я хачу, каб ты працягваў ажыццяўляць літургічную рэформу Другога Ватыканскага Сабора і працягваў рабіць тую добрую працу ў літургіі, якую ініцыяваў папа Бэнэдыкт XVI”, - сказаў Францішак. Кардынал сцвярджае, што літургічнае абнаўленне, якое праводзіў Бэнэдыкт XVI, сфармулавана, перш за ўсё, у Апостальскай адгартацыі “Sacramentum Caritatis” і дакуменце “Summorum Pontificum”.
Кардынал Сара напісаў пра гэта ў пасланні да ўдзельнікаў штогадовага кангрэса “Sacra Liturgia”, які займаецца так званай рэформай літургічнай рэформы. У гэтым годзе ён адбываецца ў Нью-Ёрку.
Кіраўнік ватыканскай дыкастэрыі нагадаў, што літургія з’яўляецца сапраўднай крыніцай усіх сіл Касцёла. Таму трэба рабіць усё, што ў нашай моцы, каб святая літургія зноў апынулася ў цэнтры адносін паміж Богам і чалавекам, і каб у ёй прызнавалася вяршэнства Бога.
Кардынал Сара падкрэсліў таксама два асноўныя напрамкі літургічнага абнаўлення. Першым з’яўляецца выразнае ўсведамленне, што літургія – гэта не нейкая сацыяльная падзея, сустрэча, у якой мы выражаем сябе, але культ ўсемагутнага Бога, месца, дзе чалавецтва сустракаецца з Богам жывым, Які дзейнічае ў сваім Касцёле. Афрыканскі кардынал падкрэсліў, што гэта сустрэча павінна праходзіць у атмасферы глыбокай павагі і святой боязі. Яшчэ адзін напрамак, паводле кардынала Сара, гэта літургічная фармацыя, асабліва душпастыраў. Без гэтага не можа ісці мовы аб сапраўдным абнаўленні літургіі.
| All the contents on this site are copyrighted ©. |