2015-06-02 14:55:00

Іерарх з Венесуэлы распавёў Папу пра сітуацыю ў краіне


Перад візітам у Ватыкан Прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадуры, у мінулыя выходныя папа Францішак правёў размову з венесуэльскім арцыбіскупам Раберта Лукертам Леонам аб напружанай сітуацыі ў паўднёваамерыканскай краіне. Арцыбіскуп Каро папрасіў Пантыфіка быць пасярэднікам, паведаміла 2 чэрвеня 2015 г. штодзённая газета “Diario de Guayana” са спасылкай на Канферэнцыю Біскупаў Венесуэлы. У інтэрв’ю венесуэльскаму выданню арцыбіскуп Лукерта Леон сказаў: “Святы Айцец павінен ведаць аб несправядлівасці і нападках на правы чалавека, ён павінен ведаць, што адбываецца ў нашай краіне”.

Між тым, арцыбіскуп Каракаса, кардынал Хорхе Уроса Савіна выказаў сваю занепакоенасць станам затрыманага апазіцыйнага палітыка Леапольда Лопеса, які абвясціў галадоўку. Гэта прыкмета таго, што палітычная сітуацыя за апошнія некалькі месяцаў не палепшылася, сказаў іерарх рымскаму інтэрнэт-парталу “aleteia.org”.

У лютым 2014 г. каля 50 чалавек былі забіты ў масавых акцыях пратэсту супраць эканамічнай і сацыяльнай палітыкі і высокага ўзроўню карумпаванасці сярод сацыялістычнага кіраўніцтва Венесуэлы. Многія з загінулых, па дадзеных праваабарончых арганізацый, сталі ахвярамі насілля з боку паліцыі. Урад абвінаваціў апазіцыйных палітыкаў у эскалацыі канфлікту. Многія былі пакараны пазбаўленнем волі, у тым ліку Леапольда Лопес. У мінулыя выходныя па ўсёй краіне некалькі тысяч чалавек выйшлі на вуліцы, каб выказаць сваю салідарнасць з палітыкам-вязнем.

У канцы гэтага тыдня да Пантыфіка завітае некалькі лацінаамерыканскіх лідэраў: 5 чэрвеня – Прэзідэнт Чылі Мішэль Бачэлет, а 7 чэрвеня – узгаданы вышэй Нікалас Мадура і Прэзідэнт Аргентыны Крысціна Фернандэс дэ Кіршнер. Сам Фрэнцішак адправіцца ў Лацінскую Амерыку ў пачатку ліпеня. Ён наведае Эквадор, Балівію і Парагвай.








All the contents on this site are copyrighted ©.