2015-06-02 12:20:00

Папа скіраваў відэа-пасланне народу Босніі і Герцагавіны


Папа скіраваў відэа-пасланне да народа Босніі і Герцагавіны, з нагоды апостальскага падарожжа ў Сараева, якое Францішак здзейсніць 6 чэрвеня 2015 г. Святы Айцец адзначыў, што сваім візітам ён жадае ўмацаваць у веры мясцовых католікаў, падтрымаць экуменічны і міжрэлігійны дыялог, і, перш за ўсё, заахвоціць да мірнага суіснавання ў краіне. Ён заклікаў маліцца, каб яго падарожжа прынесла жаданыя плёны для хрысціянскай супольнасці і ўсяго баснійскага грамадства.

“Спакой вам” – гэта дэвіз майго візіту. Гэта словы, якімі ўваскрослы Езус прывітаў сваіх вучняў, калі аб’явіўся паміж імі ў вячэрніку, у вечар Пасхі. І Ён, Пан, наша сіла і надзея, няхай дасць вам спакой, каб прынялі яго ў сэрца і распаўсюджвалі з радасцю і любоўю”, - сказаў Папа.

Пантыфік заўважыў, што рыхтуецца прыбыць у Боснію і Гарцагавіну ў якасці пасланніка спакою, “каб выказаць усім” сваю павагу і сяброўства. “Я б хацеў абвясціць кожнай асобе, кожнай сям’і і кожнай супольнасці міласэрнасць, пяшчоту і любоў Божую”, - падкрэліў Францішак. Папа запэўніў жыхароў балканскай краіны ў сваёй любові і моцнай духоўнай еднасці. Ён заклікаў мясцовых католікаў быць сведкамі веры і любові Божай, дапамагаючы грамадству крочыць у напрамку міра, у радасці і ўзаемным супрацоўніцтве.

У рамках свайго візіту ў Сараева Францішка сустрэнецца з Прэзідэнтам Босніі і Герцагавіны і прадстаўнікамі ўраду, узначаліць Эўхарыстыю на сталічным стадыёне, правядзе абед з мясцовымі біскупамі, спаткаецца з духавенствам і законнікамі, прадстаўнікамі канфесій і рэлігій, а таксама моладдзю. 








All the contents on this site are copyrighted ©.