2015-06-01 13:28:00

Святы Айцец: гісторыя няўдач стала гісторыяй збаўлення


Аб тым, што перамога Божай любові да чалавецтва праяўляецца ў відавочнай перамозе крыжа і аб спакусе адмовы ад Бога перад абліччам нашых няўдач гаварыў Папа 1 чэрвеня 2015 г. падчас ранішняй св. Імшы ў Ватыкане. Ён спаслаўся на сённяшняе Евангелле (Мк 12,1-12), якое прапануе прыпавесць аб благіх работніках у вінаградніку, якія забілі слугаў гаспадара, і, нарэшце, яго ўмілаванага сына. Пантыфік адзначыў, што гісторыя стасункаў паміж Богам і чалавекам можа здавацца гісторыяй няўдач, але камень, які адкінулі будаўнікі, стаў краевугольным – Езус на крыжы стаў нашым Збаўцам.

Францішак адзначыў, што “скандал крыжа” здаецца канцом надзеі, але ў выніку становіцца пачаткам збаўлення свету. Бог будуе на слабасці. Хоць дзеі любові Бога да свайго народа выглядаюць як гісторыя няўдач, тыя, хто аддаў жыццё за сведчанне веры, даюць пачатак новаму жыццю.

“Менавіта прарокі, Божыя людзі, якія прамаўлялі да людзей, але не былі пачутыя, былі выгнаныя, будуць Яго хвалой. Сын, апошні з пасланых, быў адкінуты, асуджаны, непачуты і забіты, каб стаць краевугольным каменем”, - нагадаў Папа. Ён дадаў, што гісторыя пагарджанай любові завяршаецца чынам вялікай любові Богі, Які праз свайго пагарджанага Сына дае нам збаўленне.

Святы Айцец адзначыў, што Езус гаварыў аб значэнні гэтай уяўнай паразы настаўнікам народа: “Камень, які адкінулі будаўнікі, стаў галавою вугла. Ад Пана сталася гэта, і дзіўнае яно ў вачах нашых”. Ён заклікаў чытаць Святое Пісанне і звярнуць увагу на скаргі Бога, калі народ не ўмее быць Яму паслухмяным, таму што сам жадае стаць богам.

“Шлях нашага адкуплення з’яўляецца шляхам шматлікіх няўдач. Таксама і апошння, параза крыжа з’яўляецца згаршэннем. Але менавіта там перамагае любоў. Гэта гісторыя, якая пачынаецца з мары пра любоў, а затым пераходзіць у гісторыю няўдач, але гэта ўсё сканчаецца перамогай любові – крыжа Езуса. Мы не павінны забывацца гэты шлях, цяжкі шлях. І наша асабістая дарога цяжкая! Калі кожны з нас зробіць рахунак сумлення, то заўважыць, колькі разоў ён праганяў прарокаў; колькі разоў сказаў Езусу: “Ідзі ад мяне”; колькі разоў хацеў збавіць сябе сам, колькі разоў мы думалі, што гэта мы справядлівыя”, - сказаў Францішак.

Святы Айцец заклікаў памятаць, што смерць Сына на крыжы дэманструе любоў Бога да свайго народа. Ён папрасіў задумацца аб гісторыі любові Бога ў нашым жыцці і выказаў перакананне, што гэта будзе стымуляваць нас зрабіць тое ж, што і Езус – прынізіць сябе.








All the contents on this site are copyrighted ©.