2015-06-01 11:36:00

Пантыфік з візітам у дыкастэрыях Рымскай курыі


Святы Айцец 1 чэрвеня 2015 г. раніцай наведаў сядзібы чарговых дыкастэрый Рымскай курыі. Ён адправіўся ў будынак, размешчаны на плошчы Пія XII, побач з плошчай св. Пятра. Там знаходзяцца штаб-кватэры: Кангрэгацыі па справах Кананізацыі, на чале якой з 9 ліпеня 2008 г. стаіць італьянскі салезіянін, кардынал Анджэла Амата; Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў, прэфектам якой з 24 лістапада 2014 г. з’яўляецца гвінейскі кардынал Рабер Сара, і Кангрэгацыі па справах Біскупаў, якой ад 30 чэрвеня 2010 г. кіруе канадскі сульпіцыянін, кардынал Марк Уэле. Акрамя таго, Пантыфік наведаў Папскую раду па інтэрпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў, якую ўзначальвае ад 15 лютага 2007 г. італьянскі кардынал Франчэска Кокапальмерыё.

Трэба нагадаць, што 22 мая 2015 г. Папа ўжо наведваў ватыканскія дыкастэрыі, размешчаныя на той жа плошчы Пія XII, але ў іншым будынку. Гаворка ідзе пра Папскі камітэт гістарычных навук і Кангрэгацыі: Каталіцкай Адукацыі, па справах Духавенства, па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця.

Як вядома, не ўсе дыкастэрыі Рымскай курыі размешчаны непасрэдна ў Ватыкане. Некаторыя з іх знаходзяцца ў некалькіх будынках, што з’яўляюцца ўласнасцю Святога Пасаду, на тэрыторыі Рыма.








All the contents on this site are copyrighted ©.