2015-05-31 11:59:00

Ватыкан наведаў кіраўнік МЗС Украіны


У мінулыя дні міністр замежных спраў Украіны Паўло Клімкін правёў у Ватыкане шэраг сустрэч. 27 мая 2015 г. ён коратка сустрэўся з папам Францішкам. Днём раней дыпламат размаўляў з кардыналам Дзяржсакратаром Пьетра Паралінам і сакратаром па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі арцыбіскупам Полам Галахерам, паведаміла рэлігійнае інфармацыйнае агенцтва “RISU”.

У ходзе сустрэчы з Пантыфікам міністр сказаў, што яго суайчыннікі нязменна спадзяюцца вітаць Францішка на сваёй зямлі. Клімкін падарыў яму малюнак, намаляваны навучэнцамі аднаго з інтэрнатаў, з заклікам да Папы маліцца за Украіну.

МЗС Украіны заявіла, што прадметам усіх размоў міністра ў Ватыкане была, у першую чаргу, гуманітарная сітуацыя ў краіне, а таксама працэс мірнага ўрэгулявання цяперашняга канфлікту ў Данбасе. Падчас сустрэч ён падзякаваў за гуманітарную дапамогу, якую “Caritas Internationalis” перадаў ахвярам канфлікту і бежанцам.

Госць з Кіева таксама распавёў суразмоўцам пра апошнія падзеі на ўсходзе сваёй краіны, а таксама пра вынікі нядаўняга саміту “Усходняга партнёрства” у Рызе і намаганнях украінскага боку да мірнага ўрэгулявання канфлікту. Ён выказаў падзяку за падтрымку з боку Апостальскай Сталіцы тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны і заклікаў да далейшай падтрымкі мірнага працэсу ў рэгіёне. Абодва бакі таксама абмеркавалі магчымасць уключэння папскай дыпламатыі ў забеспячэнне грамадскага кансенсусу і спынення канфрантацыі ва Украіне. У якасці станоўчага прыкладу было адзначана стварэнне Грамадскай рады па супрацоўніцтве з рэлігійнымі арганізацыямі пры Міністэрстве замежных спраў Украіны. Паводле суразмоўцаў, гэта будзе служыць у якасці асновы для супрацоўніцтва паміж Касцёлам і дзяржавай у сферы міжнародных адносін.








All the contents on this site are copyrighted ©.