2015-05-30 13:51:00

Францішак у Турыне: афіцыйная праграма


30 мая 2014 г. была апублікавана афіцыйная праграма візіту Святога Айца ў італьянскі Турын. Ён пройдзе 21-22 чэрвеня 2015 г. і будзе звязаны з заканчэннем публічнай дэманстрацыі Турынскай плашчаніцы. 

21 чэрвеня ў 8.00 Пантыфік прыбудзе ў аэрапорт Турына. Ужо ў 8.30 у цэнтры горада ён сустрэнецца са “светам працы”: работнікамі, фермерамі, прадпрымальнікамі. У 9.15 Папу чакаюць у турынскай архікатэдры, ля Плашчаніцы. Прычым прыбудзе ён туды пехатой. На 10.45 у гістарычным цэнтры Турына Францішак узначаліць нядзельную Эўхарыстыю і правядзе малітву “Анёл Панскі”. Паабедае Пантыфік з маладымі зняволенымі мясцовай турмы, мігрантамі, бяздомнымі і цыганскай сям’ёй. У другой палове дня ён наведае марыйны санктуарый, сустрэнецца з айцамі салезіянамі Дона Боска і сёстрамі салезіянкамі, а таксама іх выхаванцамі, затым правядзе сустрэчу з хворымі. Нядзелю Святы Айцец завершыць спатканнем з моладдзю на цэнтральнай плошчы Турына. Там адбудзецца жывы дыялог, у ходзе якога Францішак адкажа на пытанні маладых людзей.

У панядзелак 22 чэрвеня Пантыфік накіруецца ў мясцовую царкву Вальдэнсаў. Там ён сустрэнецца з пратэстанцкай супольнасцю і звернецца да яе з прамовай. У гэты дзень, на заканчэнне турынскай пілігрымкі, Пантыфіка чакае вельмі асабістае мерапрыемства. У рэзідэнцыі арцыбіскупа ён спаткаецца з некаторымі са сваіх сваякоў, узначаліць св. Імшу з іх удзелам і паабедае з імі. Сустрэча будзе насіць строга прыватны характар. Вечарам Папа вылеціць з турынскага аэрапорта ў бок Рыма.

Турынская плашчаніца выстаўляецца з 19 красавіка па 24 чэрвеня 2015 г. Сёлетняя дэманстрацыя святыні мае два аспекты: свет моладзі і пакут. Таму адметнасцю стаў адмыловы акцэнт на прыняцце хворых, гэтай частцы пілігрымаў надаецца асаблівая ўвага падчас набажэнстваў і ініцыятыў у рамках выстаўлення Плашчаніцы. Два шпіталі каля турынскай архікатэдры абсталяваны для іх спецыяльнымі месцамі на ўзор санктуарыя ў Лурдзе.








All the contents on this site are copyrighted ©.