2015-05-30 13:01:00

Папа пра сувязь навукі з жыццём


Пантыфік сустрэўся 30 мая 2015 г. у Ватыкане з членамі асацыі “Навука і жыццё” (Scienza e Vita) з нагоды дзесятай гадавіны з дня яе заснавання. “Абарона жыцця і спрыянне яму ўяўляюць сабой найважнейшую задачу, асабліва ў грамадстве, якое адрозніваецца адмоўнай логікай адходаў”, - адзначыў Францішак. Ён падзякаваў каталіцкім энтузіястам за іх служэнне чалавечай асобе і папрасіў пашыраць у свеце “адносіны адкрытасці, увагі, блізкасць да чалавека ў яго канкрэтнай сітуацыі”. 

Папа нагадаў два асноўных прынцыпы асацыяцыі: выходзіць насустрач і сустракацца, каб падтрымаць. Тут, паводле яго, праяўляецца “дынамізм сумеснага руху ад цэнтра да ўскраін. “У цэнтры – Хрыстус. І з гэтага цэнтральнага пункту ваша ўвага накіравана на розныя аспекты чалавечага жыцця”, - заўважыў Францішак. Менавіта любоў Хрыста падштурхоўвае нас служыць дзяцям і пажылым людзям, кожнаму чалавеку, ахоўваць іх першапачатковае права на жыццё. Менавіта жыццё ў яго неспасціжнай глыбіні суправаджае навуку на ўсім яе шляху, заўважыў Папа і дадаў, што “цуд жыцця заўсёды падрывае некаторую форму навуковай прэзумпцыі”. Хрыстус, святло свету і чалавека, прасвятляе шлях таксама і для навукі, лічыць Пантыфік. І калі гэта святло памяншаецца, калі веды губляюць кантакт з жыццём, навука становіцца стэрыльнай – не навука пачынае знаходзіцца на службе чалавека, а наадварот.

“Ступень развіцця цывілізацыі вымяраецца яго здольнасцю абараняць жыццё, асабліва на яго найбольш уразлівых этапах”, - нагадаў Святы Айцец. Калі гаворка ідзе пра чалавека, ніколі не можна забывацца пра ўсе віды атак на святасць чалавечага жыцця: біч абортаў, смерць мігрантаў, смяротныя выпадкі падчас працы ў выніку адсутнасці мінімальных умоў бяспекі, смерць людзей ад недаядання, у выніку тэрарызму, вайнаў, гвалту і таксама эўтаназіі, звярнуў увагу Папа. 

Пантыфік запрасіў членаў асацыі “Навука і жыццё” пашыраць культуру жыцця, “будаваць сеткі даверу і ўзаемнасці”, “прапанаваць гарызонты спакою, міласэрнасці і камуніі”. Пантыфік заклікаў не баяцца ўстаць на шлях плённага дыялогу з светам навукі, асабліва з тымі яго прадстаўнікамі, хто, не вызнаючы веры, застаецца адкрытым да таямніцы чалавечага жыцця. 








All the contents on this site are copyrighted ©.