2015-05-30 10:53:00

Пантыфік сустрэўся з цяжка хворымі дзецьмі


29 мая 2015 г. увечары папа Францішак прыняў у капліцы Дому св. Марты групу цяжка хворых дзяцей, разам з іх бацькамі і валанцёрамі, паведаміла Зала Друку Апостальскай Сталіцы. Дзеці прымаюць удзел у пілігрымцы ў Лурд і Ларэта, у прыватнасці, у рамках акцыі “Цягнік радасці”. У капліцы папскай рэзідэнцыі сабраліся дваццаць дзяцей, у асноўным ад 7 да 14 гадоў, але былі і маленькія, ва ўзросце ад 2 да 3 гадоў. Святы Айцец сардэчна прывітаў кожнага. Адна з дзяўчынак звярнулася да Францішка і нагадала, што папярэдняе аналагічнае спатканне адбылося два гады таму ў тым жа месцы. Яна ўзгадала дзяцей, якія прысутнічалі на ім, таксама і тых, хто ў гэты перыяд адышоў да Пана. Запэўніла, што яна і яе калегі моляцца за Папу.

Затым бацька аднаго з хворых дзяцей распавёў пра складаную цяжарнасць жонкі і досвед прыняцця цяжкахворага дзіцяці. Яны адважыліся на гэта, нягледзячы на парады ўрачоў зрабіць аборт. “Бог заклікаў нас як бацькоў да яшчэ большай любові - сказалі яны. - Каб быць “удвая” бацькамі: праз чалавечую прыроду і праз факт абрання суправаджаць нашага ўнікальнага сына, які з’яўляецца выдатным дарам Бога Айца”.

У сваю чаргу, Святы Айцец, гаворачы пра таямніцу пакут дзяцей, падкрэсліў, што гэтага немагчыма растлумачыць, але ў такіх сітуацыях нашы думкі звяртаюцца да Божай Маці, калі ёй перадалі мёртвае цела яе каханага Сына. Ён дадаў, што нават Марыя не разумела таямніцы гэтых пакут. Папа заклікаў бацькоў хворых дзяцей, каб яны не баяліся пытацца Бога: “Чаму?”. І каб адчувалі цёплы погляд Айца. Францішак выказаў сваё захапленне мужнасцю бацькоў хворых дзяцей, якія не пагадзіліся на аборт, што з’яўляецца фальшывым рашэннем праблемы пакут. Ён назваў гераізмам мужнае нясенне пакут дзяцей і клопат пра іх лёс, калі застануцца адны. Ён запэўніў у сваіх малітвах за дзяцей і іх бацькоў.

Сустрэча скончылася малітвай “Вітай, Марыя” і папскім благаслаўленнем, але і пасля гэтага Францішак зноў затрымаўся пры кожным з дзяцей.








All the contents on this site are copyrighted ©.