2015-05-29 12:44:00

Папа: катэхізацыя павінна дапамагаць сустрэчы з Хрыстом


29 мая 2015 г. Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі кіраўнікоў і супрацоўнікаў  Папскай рады па новай евангелізацыі, з нагоды заканчэння пленарнага пасяджэння гэтай ватыканскай дыкастэрыі. У сваёй прамове ён назваў перамены, якія адбываюцца ў свеце, “шчаслівай правакацыяй”, для разумення знакаў часу, “якія Пан дае Касцёлу, каб быў здольным – як і на працягу двух тысяч гадоў – несці Езуса Хрыста людзям нашага часу”.

“Місія застаецца той жа самай, але “мова” абвяшчэння Евангелля павінна быць абноўленай з душпастырскай мудрасцю”. Гэта фундаментальна важна, для таго, каб быць зразумелымі сучаснікам і каб каталіцкая традыцыя магла прамаўляць да сучасных культур і дапамагаць адкрыцца на вечную плённасць паслання Хрыста, сказаў Папа. Ён заклікаў не баяцца выклікаў. Евангельскія адказы на іх можна знайсці толькі бяручы іх на сябе. Менавіта гэтага чакаюць ад Касцёла людзі. “Колькі бедных чакае Евангелля, якое вызваляе! Колькі мужчын і жанчыны, на экзістэнцыяльных перыферыях створаных спажывецкім грамадствам, чакае нашай блізкасці і салідарнасці!”, - сказаў Папа.

Пантыфік лічыць неабходным станавіцца прыладамі збаўлення для іншых людзей, праз усведамленне і абвяшчэнне міласэрнай любові Бога. Гэта ўсведамленне павінна заўсёды расці, каб прыносіць плёны. Тут, паводле Папы, важную ролю грае катэхізацыя – прастора, у якой хрысціянскае жыццё сталее, бо сустракаецца з міласэрнасцю Божай. “Міласэрнасць – гэта не абстрактная ідэя, але канкрэтны досвед, праз які мы разумеем нашу слабасць і сіла, якая паходзіць звышыні”, - сказаў Францішак. Штодзённа сустракаючыся з Божай спагадлівасцю, таксама і вернікі могуць стаць спагадлівымі да ўсіх, нагадаў Святы Айцец.


Пытанне аб адукаванасці ў веры не з’яўляецца рытарычным, але фундаментальным. Яно патрабуе адважнага, крэатыўнага адказу і гатоўнасці прайсці шляхамі, якія часам недаследваныя. Катэхізацыя, на думку Папы, мае патрэбу выйсці за звычайную схаластычную сферу, каб навучыць вернікаў, з самага дзяцінства, сустракаць Хрыста, жывога і дзейснага ў Касцёле. Гэта сустрэча нараджае жаданне лепш пазнаваць Яго і ісці за Ім, станавіцца Яго вучнямі. Такім чынам выклік новай евангелізацыі і катэхізацыі, заключаны ў тым, каб дапамагачы сустрэць Хрыста, знайсці месца больш адпаведнае для гэтага і наследваваць Яго, сказаў Святы Айцец на заканчэнне сваёй прамовы.








All the contents on this site are copyrighted ©.