2015-05-28 16:23:00

Як Ватыканскае радыё загаварыла па-беларуску?


Ужо на працягу амаль 65-гадоў беларуская мова гучыць на хвалях Ватыканскага радыё. Беларуская рэдакцыя штодзённа перадае словы Папы і апавядае пра жыццё Касцёла ў свеце з самага цэнтру каталіцтва. Сёння яе праграмы можна пачуць на кароткіх хвалях, у дыяпазоне FM (у Рыме і яго ваколіцах), а таксама ў інтэрнэце. Дзейнічае сайт і старонка рэдакцыі ў “Facebook”. На хвалях Першага каналу Беларускага нацыянальнага радыё кожную нядзелю трансліруецца пяціхвілінны агляд асноўных падзей тыдня, падрыхтаваны ў Ватыкане. А як усё пачыналася? Адкуль, сярод супрацоўнікаў папскай радыёстанцыі з’явіліся беларусы? Пра гэта мы пагаворым у нашай сённяшняй праграме.

Гісторыя рэдакцыі пачалася ў пасляваенны перыяд, калі на тэрыторыі Усходняй Еўропы былі ўсталяванны атэістычныя рэжымы і пачаўся пераслед Касцёла. Апостальская Сталіца не магла заставацца абыякавай да лёсу мільёнаў вернікаў, якія апынуліся за “жалезнай заслонай”. Адной з эфектыўных прыладаў для распаўсюджвання Евангелля і падтрымкі сувязі з Пантыфікам у такіх умовах было менавіта Ватыканскае радыё. 

Папская радыёстанцыя была заснавана яшчэ ў 1931 г. і на працягу доўгага часу вяшчала пераважна на некалькіх асноўных еўрапейскіх мовах. Падчас вайны быў раскрыты вялікі патэнцыял радыёхваляў – з іх дапамогай Папа часта звяртаўся да бакоў з заклікам спыніць кровапраліццё, падтрымліваў вернікаў, дыктары чыталі спісы імёнаў вайскоўцаў, якія згубілі сувязь са сваякамі, апавядалася пра патрэбы ў тых ці іншых лагерах для ваеннапалонных.

Пасля вайны ўзнікла новая патрэба – несці Евангелле і слова Пантыфіка туды, дзе вернікі засталіся без душпастырскай апекі. Для гэтага былі набыты магутныя радыёперадатчыкі, усталяванны новыя антэны, быў заснаваны шэраг моўных рэдакцый. На працягу 1945-1950 гг. узніклі ці аднавілі сваю дзейнасць венгерская, румынская, чэшская, літоўская, украінская, руская, славенская, латышская, славацкая, балгарская, харвацкая секцыі Ватыканскага радыё. 

У іх працавалі святары і клерыкі, якія знаходзіліся ў Вечным горадзе. Падрыхтаваныя імі праграмы ў той перыяд выходзілі адзін-два разы на тыдзень і працягваліся ад 10 да 15 хвілін. У іх апавядалася пра асноўныя падзеі ў Ватыкане, чыталіся пераклады зваротаў Папы, гучалі катэхетычныя рубрыкі. Ватыканскае радыё аказвала моцную духоўную і маральную падтрымку мясцовым Касцёлам, пра што сведчыць вялікая колькасць лістоў з падзякамі, якія дасылаліся ці перадаваліся супрацоўнікам.

Узнікненне Беларускай рэдакцыі было звязана з асобай кс. Пятра Татарыновіча – каталіцкага святара з Піншчыны, палымянага прапаведніка і патрыёта Беларусі. Яшчэ да прыбыцця ў Вечны горад ён займаўся перакладчыцкай і пісьменніцкай дзейнасцю, друкаваўся ў беларускіх рэлігійных выданнях і рэдагаваў некаторыя з іх. Кс. Татарыновіч быў вядомым беларускім  душпастырам і грамадскім дзячам, які неаднаразова падвяргаўся пераследу за сваю актыўную патрыятычную пазіцыю.

У Рыме, кс. Татарыновіч апынуўся восенню 1945 г. Па прыбыцці ён пасяліўся ў генеральным доме айцоў-мар’янаў. Тут пражываў яшчэ адзін беларускі святар, будучы епіскап Чэслаў Сіповіч. Пра іх першую сустрэчу ён успамінаў: “Аднаго дня неяк пад вечар уваліліся ў наш дом са сваімі хатулямі з шумам група святароў, клерыкаў і законных братоў. Усе былі летувісы марыяны, уцекачы з Летувы, ахвяры вайны. Сярод іх, як нейкі вынятак з правіла, быў кс. Татарыновіч. Калі ўсе гаманілі голасна і весела – бо ж наканец дабраліся жывыя да свайго законнага дому – наш Пётр стаяў абапёршыся аб балясы сходаў бледны і змучаны, поўны нейкай задумы. Чакаў, як і ўсе іншыя, пакуль знойдзецца яму пакой”. На той момант кс. Татарыновічу было ўжо 49 гадоў.

На першым этапе беларускаму святару дапамагаў генеральны настаяцель ордэна мар’янаў, літоўскі біскуп Францішак Бучыс, які адначасова быў заснавальнікам і кіраўніком Літоўскай рэдакцыі Ватыканскага радыё. Гэты біскуп добра ведаў пра духоўныя патрэбы беларусаў і паміж імі завязалася плённае сяброўства. 

Іерарх зрабіў кс. Татарыновічу рэкамендацыю, неабходную для паступлення ў Папскі Усходні інстытут, дзе той абараніў доктарскую дысертацыю, дапамагаў яму ў выданні беларускамоўнага часопісу “Źnič”. Не выключана, што кантакты з біскупам Бучысам маглі паўплываць на ўключэнне кс. Татарыновіча ў працу Ватыканскага радыё і заснаванне там Беларускай рэдакцыі. Але гэта толькі гіпотэза.

Упершыню беларуская мова загучала на хвалях Ватыканскага радыё ў вігілію Божага Нараджэння 1949 г. З нагоды ўрачыстасці Божага Нараджэння і пачатку юбілейнага 1950 года папа Пій XII напісаў спецыяльнае пасланне, якое, па яго просьбе, павінна было быць перакладзена на розныя мовы і перададзена на хвалях папскай радыёстанцыі. Падрыхтоўкай гэтага эфіру і заняўся кс. Татарыновіч. У выніку 24 снежня 1949 г. у 13.30 па рымскім часе слова Папы з самаго Ватыкану загучала па-беларуску. Праз некалькі тыдняў, 6 студзеня 1950 г., праграмы на беларускай мове пачалі выходзіць рэгулярна. Іх рыхтаваў адзін чалавек – кс. Пётр Татарыновіч.

Пазней на старонках часопіса “Źnič” ён пісаў: “Браты беларусы! Ваша мова дачакалася найвышэйшага прызнання! Вы можаце карыстацца ёю ў кожную пятніцу ў 18.30, слухаючы Ватыканскіх радыёперадачаў...”. “Радыёапарат павінен быць найлепшае якасці”, - падкрэсліваў святар.

Першапачаткова праграмы па-беларуску выходзілі ў эфір адзін раз на тыдзень і працягваліся каля 10 хвілін. Кс. Татарыновіч рыхтаваў кароткі агляд асноўных падзей з Ватыкана, апавядаў пра жыццё Касцёла і беларускіх эмігрантаў, чытаў у эфіры пераклады папскіх зваротаў і рэлігійную літаратуру. Паступова павялічвалася колькасць эфірнага часу і праграмы пачалі выходзіць часцей. Канешне павялічвалася і колькасць супрацоўнікаў, сярод якіх былі выдатныя постаці, дбайныя пастыры і сапраўдныя патрыёты. Так узнікла Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё, якая выконвае місію “голаса Папы” да сённяшняга дня.

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка








All the contents on this site are copyrighted ©.