2015-05-27 16:14:00

Чым славуты першы кардынал ВКЛ?


31 ліпеня папа Францішак наведаў галоўную святыню ордэна езуітаў – знакаміты рымскі касцёл Найсвяцейшага Імя Езуса, больш вядомы як “Іль-Джэзу”. Тут Святы Айцец, які сам з’яўляецца езуітам, меў магчымасць сустрэцца і паразмаўляць са сваімі субратамі, цэлебраваць Эўхарыстыю і памаліцца каля рэліквій св. Ігнацыя Лаёлы. Трэба адзначыць, што касцёл “Іль-Джэзу” з’яўляецца сапраўдным “пантэонам” Таварыства Езуса. Акрамя, заснавальніка ордэна, тут пахаваны св. Францішак Ксаверый і св. Джузэппэ Піньятэлі, а таксама захоўваюцца рэліквіі многіх іншых езуітаў, узнесеных да хвалы алтара. Сярод іх, у капліцы Найсвяцейшай Тройцы, знаходзіцца рэліквія св. Андрэя Баболі, езуіта і місіянера, які ў XVI cт. быў да смерці замучаны казакамі ў Янаве Палескім (сёння п. Іванава ў Брэскай вобласці).

Але гэта яшчэ не ўсё. У правай наве касцёла, перад уваходам у капліцу Найсвяцейшага Сэрца Езуса, увагу пілігрыма з Беларусі можа прыцягнуць знаёмая выява: на мармуровай надмагільнай пліце, размешчанай на падлозе, намаляваны тры паляўнічыя трубы – герб роду Радзівілаў. Каля гербу ёсць надпіс па лацінску, у якім сказана, што тут пахаваны кардынал-прэзбітэр касцёла св. Сікста Юры Радзівіл, біскуп Кракаўскі, князь Алыкскі і Нясвіжскі.

Сапраўды, у касцёле “Іль Джэзу” пахаваны буйны рэлігійны дзеяч з Вялікага Княства Літоўскага, кардынал Юры Радзівіл  – першы кардынал у гісторыі нашай старадаўняй дзяржавы. Кім ён быў і чым праславіўся ў гісторыі Касцёла мы высветлім у нашай сённяшняй праграме?

Юры Радзівіл нарадзіўся ў Лукішках каля Вільні ў 1556 г. Яго бацькам быў Мікалай Радзівіл Чорны – ваявода віленскі, славуты дзеяч Рэфармацыі і абаронца кальвінізму. Менавіта таму сваю першую адукацыю будучы кардынал атрымліваў у кальвініскіх школах Вільні і Нясвіжа. 

Затым бацька адправіў маладога шляхтіча на вучобу ў нямецкі Лейпцыг – адзін тагачасных з цэнтраў пратэстантызма. У мясцовым універсітэце Юры Радзівіл вывучаў права. Адначасова ён са сваім старэйшым братам Мікалаем Крыштафам, служыў пры двары караля Жыгімонта Аўгуста і ім неаднойчы даводзілася выконваць розныя дыпламатычныя заданні. Але Юры адчуваў, што права і дыпламатыя, гэта не зусім тыя сферы, якім ён хацеў бы прысвяціў сваё жыццё.

Канчатковае рашэнне пра сваю будучыню ён прыняў у 1574 г., калі пачуў казанні знакамітага езуіта Пятра Скаргі – заснавальніка і першага рэктара Віленскай езуіцкай акадэміі, якая затым стала Віленскім універсітэтам. Юры Радзівіл пакінуў кальвінізм і ў прысутнасці славутага прапаведніка прыняў каталіцтва. Каб паглыбіць сваю веру і веды пра сваю новую канфесію, ён вырашыў працягнуць вучобу ў самым цэнтры Каталіцкага Касцёла – Рыме. Тут ён спачатку вучыўся прыватна, а затым у Папскім грыгарыянскім універсітэце і Рымскім езуіцкім калегіуме.

Трэба адзначыць, што як раз у гэты перыяд у Рыме адбывалася сапраўднае духоўнае адраджэнне. У горадзе жылі і працавалі дзесяткі людзей, якія ўжо пры жыцці лічыліся святымі, а пасля смерці былі ўзнесены да хвалы алтара. Сярод іх, такія вядомыя постаці, як св. Філіп Нэры, св. Луіджы Ганзага, св. Роберт Белармін. Апошні, дарэчы, выкладаў у Рымскім калегіуме, у якім вучыўся Юры Радзівіл. Атмасфера Вечнага горада, ззянне святасці і народнай пабожнасці не маглі не аказаць уплыву на яго. Ён сам вылучаўся глыбокай верай і любоўю да бедных, некалькі разоў здзяйсняў пілігрымкі да гроба св. Якуба ў Санцьяга дэ Кампастэла. 

Вярнуўшыся ў Вільню, Юры Радзівіл актыўна ўключыўся ў контрарэфармацыю. Ён быў прызначаны Віленскім біскупам-каад’ютарам, а затым пераняў віленскую кафедру, не маючы святарскіх і біскупскіх пасвячэнняў. Ён атрымаў іх у 1583 г.

Юры Радзівіл увёў цэнзуру, каб ачысціць горад ад кальвінісцкай літаратуры, а ў 1582 г., на ўласныя грошы, адчыніў Віленскую духоўную семінарыю – першую семінарыю у ВКЛ і другую вышэйшую навучальную установу ў краіне, пасля Віленскага універсітэта. На першы год навучання было прынята 12 семінарыстаў. Адукацыйны працэс біскуп Юры Радзівіл даверыў айцам езуітам.
Адкрыццё семінарыі ў той час, было вельмі прагрэсіўным крокам, таму што дэкрэт аб абавязковай адукацыі святароў у семінарыях быў выдадзены толькі падчас Трыдэнцкага Сабору ў 1560-я гг. 

У 1583 г. Папа надаў Радзівілу кардынальскую годнасць і праз тры гады з рук папы Сікста V атрымаў пурпурны кардынальскі берэт.

Менавіта ў гэты перыяд у барацьбу з кальвінізмам у Нясвіжы актыўна уключыўся яго старэйшы брат Мікалай Крыштаф Радзівіл. Ён запрасіў у сваё радавое мястэчка езуітаў і спецыльяна для іх пачаў будаўніцтва новага мураванага касцёла. Праектам будучай святыні зацікавіўся і біскуп Віленскі Юры Радзівіл. Пасля доўгага абмеркавання і вяртання апошняга з Рыму было вырашана, што пабудаванае трэба разабраць і пачаць новае будаўніцтва па іншым праекце.

Прычынай такога рашэнне не была якасць пабудовы ці яе памеры, але імкненне “ісці нага ў нагу” з тагачаснымі тэндэнцыямі ў сакральнай архітэктуры. Справа ў тым, што ўзорам для ўсіх каталіцкіх храмаў той эпохі быў рымскі касцёл езуітаў “Іль-Джэзу”, які Юры Радзівіл мог пабачыць у Вечным горадзе ў 1586 г. У Нясвіжы было вырашана пабудаваць яго паменшаную копію. Праз год пасля свайго вяртання на Радзіму, 14 верасня 1587 г. Юры Радзівіл асвяціў краевугольны камень будучага касцёла Божага Цела ў Нясвіжу, які існуе да сённяшняга сёння і з’яўляецца сапраўднай архітэктурнай пярлінай Беларусі.

Праз некалькі гадоў пасля гэтага Юрый Радзівіл быў прызначаны Біскупам Кракаўскім. Некалькі разоў Папа давяраў яму ў якасці легата прадстаўляць Апостальскую Сталіцу пры розных еўрапейскіх каралеўскіх дварах. У 1600 г. ён быў запрошаны ў Вечны горад на святкаванне вялікага юбілею хрысціянства. Падчас гэтага падарожжа ён захварэў і памёр. За дзень да смерці, яго наведаў папа Клемент VIII. За асаблівыя заслугі перад Касцёлам было вырашана пахаваць яго ў самай галоўнай святыні езуітаў – рымскім касцёле “Іль-Джэзу”. Такі след у гісторыі каталіцтва на нашых землях пакінуў першы кардынал у ВКЛ, князь Алыкскі і Нясвіжскі Юры Радзівіл.

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка








All the contents on this site are copyrighted ©.